Беларускія сілавікі ўзялі ўдзел у «Алімпіядзе спэцназу» ў Дубаі разам з калегамі з ЗША і Канады

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія сілавікі са спэцыяльнага падразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» і жаночая зборная МУС Беларусі ўзялі ўдзел у The UAE SWAT Challenge — неафіцыйным чэмпіянаце сьвету, які называюць «Алімпіядай спэцназу».

Пра гэта паведамляе выданьне Reform.by.

Reform.by адзначае, што беларускія спэцназаўцы, якія ўдзельнічалі ў падаўленьні акцый пратэсту і разгонах мірных дэманстрацый, аказаліся цалкам рукапаціскальнымі ў асяродзьдзі сваіх калегаў, у тым ліку — з ЗША і Канады.

The UAE SWAT Challenge праводзіцца штогод, ужо пяты раз. Арганізатарам спаборніцтваў выступае паліцыя Дубая. Як паведамляецца на афіцыйным сайце мерапрыемства, яго мэта — разьвіцьцё супрацоўніцтва і абмен вопытам паміж падразьдзяленьнямі спэцназу ўсяго сьвету.

Сёлета ў The UAE SWAT Challenge узялі ўдзел 87 камандаў спэцназу з 48 краін сьвету. Акрамя беларускага «Алмаза» і жаночай зборнай МУС, у спаборніцтвах паўдзельнічаў і прадстаўляў Расею спэцполк паліцыі імя Ахмата Кадырава МУС Чачэнскай Рэспублікі.

Па выніках спаборніцтваў першыя два месцы занялі каманды А і В, якія прадстаўляюць паліцыю Дубая. Трэцяе — каманда SARDAR з Казахстану. «Ахмат» аказаўся восьмым, што выклікала гнеў кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, які абвінаваціў судзьдзяў The UAE SWAT Challenge у «непрафэсіяналізьме і перадузятасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго апісваюць як дэбіла, але гэта далёка ня так». Гісторыя жыцьця Мікалая Карпянкова

У спаборніцтвах узялі ўдзел і два спэцпадразьдзяленьні з ЗША: спэцыяльнае паліцэйскае падразьдзяленьне Нью-Ёрку (NYPD) і паліцэйскага ўпраўленьня Сан-Антоніё (SAPD). А таксама падразьдзяленьне экстраннага рэагаваньня ERU з канадзкага гораду Лёндан.

Шэф паліцыі канадзкага Лёндану заявіў, што мясцовая паліцыя заплаціла за паездку ў Дубай толькі 15 700 даляраў. Паводле яго, «першапачаткова кошт ацэньваўся прыкладна ў 115 000 даляраў ЗША. Аднак, пасьля абмеркаваньняў з паліцыяй Дубая і прызнаньня ўзаемнай выгады для абедзьвюх нашых службаў, кошт быў зьніжаны да 15 700 даляраў ЗША».

Зусім іншы падыход у брытанскай The Guardian, якая робіць акцэнт на маральна-этычным боку пытаньня. На думку апытаных рэдакцыяй экспэртаў, удзел амэрыканскіх і канадзкіх паліцыянтаў у спаборніцтвах у Дубаі «надаў гэтаму мерапрыемству легітымнасьці». Праз гэта «ЗША ў лепшым выпадку будуць выглядаць некампэтэнтнымі, а ў горшым — проста гатовымі занядбаць уласныя правілы», што «стала падарункам Грознаму і Маскве», якія ўжо выкарыстоўваюць гэтую падзею ў прапагандысцкіх мэтах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «КДБ можа любога разыграць „уцёмную“». Экс-алмазавец Макар пра заявы Тэртэля, сваркі апазыцыі і затрыманага ФСБ беларуса

Прыгадала The Guardian і пра ўдзел у турніры «антытэрарыстычнага падразьдзяленьня „Алмаз“, спэцыяльнага падразьдзяленьня МУС Беларусі, якое абвінавачвалася ў жорсткім здушэньні антыўрадавых пратэстаў у краіне ў 2020-2021 гадах».

«Алмаз» сёлета ў Дубаі заняў 17-е месца, а жаночая каманда МУС Беларусі — 44-е. Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў, сустракаючыся пасьля турніру зь беларускімі спэцназаўцамі ў Менску і ўручаючы ім узнагароды, падзякаваў ім за «калясальную працу і выкананьне пастаўленых задач». Ён адзначыў, што, паўдзельнічаўшы ў спаборніцтвах, тыя «заявілі пра сябе на ўвесь сьвет».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год — 2580 крымінальных спраў паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў у адным Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпянкоў дапусьціў, што ўнутраным войскам падчас выбараў дапамогуць вагнэраўцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol паказаў расьсьледаваньне аб затрыманьні адміністратараў канала «Кіроўцы 97»