Аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol выпусьціла расьсьледаваньне аб тым, як затрымлівалі і судзілі некалькіх адміністратараў тэлеграм-канал «Кіроўцы 97», піша «Медиазона». Сярод іх і Вікторыя Кульша, асуджаная на 4,5 года калёніі. У відэа паказаны фрагмэнт размовы Вікторыі з супрацоўнікам ГУБАЗіКу.
Як сьцьвярджаецца ў відэа, зь Вікторыяй у ІЧУ нібыта размаўляе намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бедункевіч. У кадры ён не зьяўляецца, аднак чуваць ягоны голас. Міліцыянт кажа, што ён «апэратыўнік», які займаецца яе справай, і прыйшоў «пагутарыць» зь ёй.
«Калі ў вас ёсьць жаданьне застацца зь мерай стрыманьня з узяцьцем пад варту, вы можаце адмовіцца, вядома, ад зносін», — кажа ён.
Вікторыя адказвае міліцыянту: «Не, вы ведаеце, я, мабыць, адмоўлюся ад вашай прапановы».
Чалавек за кадрам кажа, што Вікторыя правяла ў ізалятары толькі суткі, а пазьней, калі «пойдуць цяжкія восеньскія зімовыя вечары і дні, і бязь сьледчых дзеяньняў, будзе маральна цяжка». Вікторыя пытаецца ў міліцыята: «Вы прыехалі мне нешта прапанаваць»?
Мужчына за кадрам кажа, што сілавікі хочуць «вывучыць яе адносіны да падзей».
«А далей, можа, нешта прапануем. Прапанова такая, што нам трэба разабрацца, што вы можаце». — кажа ён.
Паводле яго, Вікторыя Кульша можа быць карысная сілавікам у пошуку іншых актыўных удзельнікаў і адмінаў чату, у тым ліку і тых, хто ўжо знаходзіцца за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бедункевіч з ГУБАЗіКу сказаў: „Забудзься аб правах чалавека, пакуль ты ў мяне ў руках“». Былая палітзьняволеная пра 2,5 года за кратаміУ відэа ByPol таксама ідзе гаворка пра асуджаных у гэтай справе Дзяніса Гуціна, Тацяну Шкрабат і Ганну Вішняк.
Паводле інфармацыі былых сілавікоў, Тацяна Шкрабат знаходзілася ў ІЧУ на Акрэсьціна 22 і 23 верасьня 2020 году, пасьля чаго пад ціскам дала доступ да свайго тэлефона і адміністраваньня тэлеграм-канала. Прыкладна празь месяц пасьля гэтага затрымалі Ганну Вішняк, якую сілавікі ў выніку таксама вымусілі даць доступ да канала.
Як сказана ў расьсьледаванні ByPol, міліцыянты падчас допытаў білі Дзяніса Гуціна, сурʼёзна пашкодзілі яму руку. У відэа таксама прыводзяцца фрагмэнты інтэрвію Ганны Вішяк, у іх яна расказвала пра маральны і фізычны прэсінг з боку сілавікоў.
У 2021 годзе суд Заводзкага раёну Менску прысудзіў Вікторыі Кульшы 2,5 года калёніі паводле артыкулу аб грубым парушэньні парадку (артыкул 342 КК). Пасьля гэтага Вікторыю яшчэ двойчы судзілі за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» (артыкул 411 КК), ёй дадалі яшчэ два гады да тэрміну.
Ганну Вішняк і Дзяніса Гуціна прыгаварылі да 2,5 года калёніі, яны выйшлі на волю восеньню 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: актывістка Вікторыя Кульша сустрэла Новы год у ШЫЗА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачала працаваць, але праз 10 дзён сувязь зноў зьнікла». Што новага ў палітзьняволенай Вікторыі Кульшы