Сілы Тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны ўзначаліў колішні супрацоўнік МУС, які ўдзельнічаў у спробах разагнаць пратэстоўцаў на Майдане

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Ва Ўкраіне празь некалькі дзён пасьля адстаўкі галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Валерыя Залужнага і кіраўніка Генэральнага штабу Сяргея Шаптала зьмянілася вайсковае кіраўніцтва. Указы пра звальненьні і новыя прызначэньні падпісаў у нядзелю прэзыдэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

Аляксандр Паўлюк, раней намесьнік міністра абароны, прызначаны кіраўніком Сухапутных войскаў замест Аляксандра Сырскага, які раней зьмяніў Залужнага на пасадзе галоўнакамандуючага УСУ.

З пасады камандуючага Аб’яднаных сіл зьняты генэрал Сяргей Наеў, на яго месца прызначылі Юрыя Содаля. Наеў заявіў, што пра сваё звальненьне даведаўся са СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандуючы ўкраінскімі Аб’яднанымі сіламі кажа, што пра звальненьне з пасады даведаўся са СМІ

Дэсантна-штурмавыя войскі замест Максіма Міргародзкага ўзначаліць Ігар Скібюк, а сілы Тэрытарыяльнай абароны — Ігар Плахута замест Анатоля Баргілевіча, які раней узначаліў Генэральны штаб. Ва ўкраінскім Цэнтры супрацьдзеяньня карупцыі нагадалі, што 10 гадоў таму Плахута ўзначальваў Паўднёвае тэрытарыяльнае камандаваньне ўнутраных войскаў МУС і ўдзельнічаў у спробах зачысткі Майдану.

Зяленскі пакуль не пракамэнтаваў кадравыя перастаноўкі, якія праходзяць на фоне спроб расейскіх войскаў наступаць на многіх участках фронту, у прыватнасьці ў Аўдзееўцы і на захад ад Бахмуту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны сьледам за галоўнакамандуючым Узброеных сіл зьмяніў начальніка Генштабу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Сырскі: 10 фактаў пра новага галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны