Экс-прэзыдэнт ЗША і найбольш імаверны кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на новыя выбары Дональд Трамп працытаваў нібыта пытаньне прэзыдэнта неназванай «вялікай краіны»: «Сэр, калі мы не заплацім і на нас нападзе Расея, Вы нас абароніце?»
«Не, я б вас не абараняў. Насамрэч, я б заклікаў іх рабіць усё, што яны хочуць. Вы павінны заплаціць», — сказаў Трамп.
Белы дом асудзіў гэтую заяву, назваўшы яе «жахлівай і бессэнсоўнай». На думку Белага дому, гэтая заява Трампа ставіць пад пагрозу нацыянальную бясьпеку ЗША і глябальную стабільнасьць.
Заявы Трампа прагучалі на фоне таго, як ЗША ўжо некалькі месяцаў ня могуць дамовіцца аб выдзяленьні Ўкраіне 61 мільярда даляраў з-за супраціўленьня рэспубліканцаў у Кангрэсе. 7 лютага Сэнат ЗША ня змог прагаласаваць за законапраект аб узмацненьні міграцыйнай палітыкі, які таксама прадугледжваў дадатковыя сродкі для Ўкраіны, Ізраіля і Тайваня.
Краіны NATO пагадзіліся ў 2014 годзе, што да 2024 году будуць выдаткоўваць мінімальна па 2 працэнты ВУП на абарону. Шмат якія з эўрапейскіх краінаў дагэтуль не дасягнулі гэтага паказьніку.
Паводле артыкулу 5 Статуту NATO, напад на любую краіну альянсу лічыцца нападам на NATO і мае прывесьці да калектыўных абарончых дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца з Амэрыкай. Першы выпуск падкасту «Куды коціцца сьвет» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп перамог на кокусах рэспубліканцаў у штаце Нэвада