У Менску пацыент напаў зь сякерай на брыгаду хуткай дапамогі, два фэльчары ў бальніцы. Сталі вядомыя дэталі здарэньня

Ілюстрацыйнае фота

У Менску пацыент напаў з сякерай на брыгаду хуткай дапамогі, якая прыбыла да яго па выкліку, паведаміла 10 лютага прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Адзначаецца, што два фэльчары шпіталізаваны ў сталічную бальніцу.

«У пацярпелых мэдыцынскіх работнікаў дыягнаставаныя спалучаныя траўмы. Агульны стан расцэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасьці, праводзіцца ўсё неабходнае лячэньне», — паведамляе ведамства.

Паводле крыніцаў парталу «Люстэрка», выклік паступіў днём у суботу, 10 лютага. Спэцыяльнай брыгадзе па перавозцы пацыентаў з псыхічнымі парушэньнямі гарадзкой станцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі трэба было забраць 33-гадовага мужчыну, які жыве з бацькам у адным з прыватных дамоў на вуліцы Пржэвальскага. Даставіць яго трэба было ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках. Раней па гэтым адрасе спэцыяльныя брыгады ўжо езьдзілі, паведамляюць крыніцы.

«Прасілі бацьку — калі вы яшчэ раз будзеце выклікаць брыгаду — выклікайце міліцыю. Бо ў вас вельмі агрэсіўны сын. Але ўсім заўсёды ўсё роўна. Хаця на раёне выяжджае з брыгадай супрацоўнік міліцыі. А ў Менску ўсім як бы напляваць», — распавёў суразмоўца.

Паводле суразмоўцаў парталу, у дом зайшлі двое — 42-гадовы старэйшы брыгады фэльчар Сяргей Савельеў і 30-гадовы фэльчар Глеб Чарнякоў. Пацыент у гэты час ляжаў. Яго папрасілі ўстаць, ён паслухаў і пайшоў.

Пазьней Савельеў пачуў, што ззаду нешта ўпала. Павярнуўшыся, ён убачыў свайго малодшага напарніка, які ляжыць у крыві. Побач быў пацыент з сякерай. Пакуль старэйшы брыгады выцягваў пацярпелага калегу, мужчына біў яму па галаве сякерай. Пасьля яны хутка зьехалі ў лякарню. Чарнякоў на той момант ледзь стаяў на нагах.

Падчас нападу 33-гадовы мужчына, якога мусілі даставіць у РНПЦ, парэзаў палец. Пазьней бацька пацыента выклікаў яшчэ адну брыгаду хуткай, якая прыехала ўжо з міліцыяй.

Па словах крыніцы, у Чарнякова — аскольчаты пералом чэрапа. У яго старэйшага таварыша таксама пералом касьцей чэрапа. Службовая машына хуткай дапамогі была ў крыві і там былі прыкметныя акрываўленыя аскепкі. Стан абодвух пацярпелых сярэдняй ступені цяжкасьці.

Як распавялі «Люстэрку», загадчык падстанцыі № 1, да якой адносіцца брыгада «псыхперавозкі», вырашыў не наведваць пацярпелых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзіслаў Казакевіч, асуджаны за забойства бэнзапілой, напаў на кантралёраў у калёніі