У Полацкай цэнтральнай гарадзкой бальніцы (Віцебская вобласьць) не хапае траціны пэрсаналу, пустуе кожнае 12-е штатнае месца, вынікае са зьвестак, апублікаваных 9 лютага дзяржаўнай газэтай «Полацкі веснік» па выніках пасяджэньня мэдыка-санітарнай рады мэдустановы, заўважыла выданьне «Позірк».
«У дзяржаўнай установе аховы здароўя „Полацкая ЦДБ“ працуе больш за 2 тысячы чалавек. Укамплектаванасьць фізычнымі асобамі складае 62,6%, штатнымі адзінкамі — 91,75%» (такім чынам, недахоп — 37,4% і 8,25% адпаведна — рэд.), — паведамляе выданьне.
Адным са спосабаў замацаваньня кадраў на месцах газэта называе «наданьне жыльля». Згодна з апублікаванымі на пасяджэньні зьвесткамі, летась Полацкі райвыканкам выдзеліў з гэтай мэтай 8 арэндных кватэр. Начальнік галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі на сустрэчы заявіў, што сёлета трэба будзе вырашыць «актуальныя задачы», у ліку якіх «укамплектаванасьць кадрамі, высокатэхналягічным абсталяваньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына-2023: дэфіцыт лекаў, мэдыкаў і паслугаў, разбурэньне прыватнага сэктару, самыя закрытыя сфэры- У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 мэдыкаў.
- Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ.
- У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў. З гэтай прычыны ў Беларусі назіраецца недахоп мэдычных спэцыялістаў: па стане на 10 лютага 2024 году, у агульнарэспубліканскай базе вакансій — 6565 вакансій лекараў, 3895 мэдсёстраў і 3178 санітараў.
- У канцы студзеня Лукашэнка зьняў Піневіча з пасады міністра аховы здароўя Беларусі і прызначыў новым міністрам экс-кіраўніка РНПЦ у Навінках Аляксандра Хаджаева. Пры Піневічы сыстэма аховы здароўя пачала функцыянаваць у атмасфэры санкцый Захаду, што прывяло да пэўных праблемаў з пастаўкамі замежных лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня.
- 2 лютага ў Беларусі прынялі закон, згодна зь якім тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры для мэдыкаў-бюджэтнікаў павялічылі з 2 да 5 гадоў.