Музыкі славутага рок-гурту «Бі-2» правялі па 5-6 дзён у тайскай турме. Іх затрымалі 25 студзеня. Афіцыйнай прычынай арышту стала тое, што яны выступалі ў Тайляндзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу. Расейскі кансулят у Тайляндзе дамагаўся дэпартацыі музыкаў у Расею.
«Канцэрты ў Тайляндзе па незалежных ад нас прычынах атрымаліся гучнымі і багатымі на ўражаньні. Пра тое, што адбывалася, сказана і напісана дастаткова. Проста жадаем нагадаць, што галоўнай каштоўнасьцю „Бі-2“ была і застаецца воля. Яна ўнутры нас заўсёды. Змагайцеся за яе — пры любым надвор’і! Да сустрэчы на канцэртах!» — так саліст «Юі-2» Лёва (Ягор Бортнік) напісаў у пасьце.
У ім ён апублікаваў відэа музыкаў у мясцовым аўтазаку, а таксама фота і відэа ўмоваў у міграцыйнай турме.
- Пра затрыманьне музыкаў «Бі-2» стала вядома 25 студзеня. Тады паведамлялі, што супрацоўнікі паліцыі на курорце на заходнім узьбярэжжы Пхукета затрымалі сем чалавек, прычынай арышту стала адсутнасьць дазволу на працу. Гэта былі ўдзельнікі рок-гурту «Бі-2».
- 26 студзеня суд гораду Пхукет аштрафаваў кожнага зь іх на суму, эквівалентную 95 далярам, за тое, што яны выступалі ў Тайляндзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу.
- 28 студзеня музыкі выйшлі на сувязь і паведамілі, што яны ў міграцыйнай турме.
- Раніцай 30 студзеня стала вядома, што чатырох зь сямі затрыманых у Тайляндзе музыкаў гурту «Бі-2» павінны былі дэпартаваць у Ізраіль. Ім ужо купілі квіткі. Аднак пасьля візыту ў цэнтар часовага ўтрыманьня іміграцыйнага бюро «высокапастаўленых дыпляматаў з расейскага консульства» гэтае рашэньне адмянілі, паведамілі ў тэлеграм-канале калектыву. З удзельнікаў групы толькі тры чалавекі маюць грамадзянства РФ.
- 30 студзеня консульскі аддзел амбасады Расеі ў Тайляндзе заявіў агенцтву ТАСС, што трох музыкаў гурту вышлюць у Расею. Яшчэ ў двух музыкаў ёсьць і расейскія, і ізраільскія пашпарты, яны могуць пагадзіцца паехаць як у Расею, так і ў Ізраіль.
- Увечары 30 студзеня саліст «Бі-2» Ягор Бортнік (Лёва) змог пакінуць Тайлянд.
- «Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі — Шура Бі-2 (Аляксандар Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў (гітара), Макс Лакмус (бас-гітара), Барыс Ліфшыц (ударныя, пэркусія) і Ян Нікаленка (бэк-вакал, клявішныя, флейта, пэркусія).
- Неўзабаве пасьля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі. У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску, бо ў залі быў плякат «Zа президента», пасьля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ паадмянялі або надоўга паадкладалі.