Музыкі славутага рок-гурту «Бі-2» даляцелі да Тэль-Авіва і ўжо знаходзяцца ў аэрапорце імя Давіда Бэн-Гурыёна.
У інтэрнэце апублікавалі фатаздымкі музыкаў па прылёце ў Ізраіль.
Гітарыст і сьпявак гурту Аляксандар «Шура» Уман пасьля прылёту ў Тэль-Авіў сказаў, што музыкі пачуваюцца добра, але вельмі стаміліся пасьля выпрабаваньняў. Ён таксама назваў умовы, зь якімі ён і ягоны гурт сутыкнуліся ў тайскай турме, «жахлівымі».
«Мы свабодныя і будзем рухацца наперад», — сказаў гітарыст, якога цытуе AP.
Уман падзякаваў ізраільскім, амэрыканскім і аўстралійскім дыпляматам, а таксама праваабарончым арганізацыям за працу ў дастаўцы іх у Ізраіль. У аэрапорце гурт сустрэлі некалькі прыхільнікаў, якія жывуць у гэтай краіне.
Раней стала вядома, што расейскі кансулят у Тайляндзе дамагаўся дэпартацыі музыкаў у Расею, пашпарт якой маюць некаторыя з удзельнікаў калектыву. Там музыкаў мог чакаць палітычны перасьлед за антываенную пазыцыю і падтрымку Ўкраіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй.
- Пра затрыманьне музыкаў «Бі-2» стала вядома 25 студзеня. Тады паведамлялі, што супрацоўнікі паліцыі на курорце на заходнім узьбярэжжы Пхукета затрымалі сем чалавек, прычынай арышту стала адсутнасьць дазволу на працу. Гэта былі ўдзельнікі рок-гурту «Бі-2».
- 26 студзеня суд гораду Пхукет аштрафаваў кожнага зь іх на суму, эквівалентную 95 далярам, за тое, што яны выступалі ў Тайляндзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу.
- 28 студзеня музыкі выйшлі на сувязь і паведамілі, што яны ў міграцыйнай турме.
- Раніцай 30 студзеня стала вядома, што чатырох зь сямі затрыманых у Тайляндзе музыкаў гурту «Бі-2» павінны былі дэпартаваць у Ізраіль. Ім ужо купілі квіткі. Аднак пасьля візыту ў цэнтар часовага ўтрыманьня іміграцыйнага бюро «высокапастаўленых дыпляматаў з расейскага консульства» гэтае рашэньне адмянілі, паведамілі ў тэлеграм-канале калектыву. З удзельнікаў групы толькі тры чалавекі маюць грамадзянства РФ.
- 30 студзеня консульскі аддзел амбасады Расеі ў Тайляндзе заявіў агенцтву ТАСС, што трох музыкаў гурту вышлюць у Расею. Яшчэ ў двух музыкаў ёсьць і расейскія, і ізраільскія пашпарты, яны могуць пагадзіцца паехаць як у Расею, так і ў Ізраіль.
- Увечары 30 студзеня саліст «Бі-2» Ягор Бортнік (Лёва) змог пакінуць Тайлянд.
- «Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі — Шура Бі-2 (Аляксандар Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў (гітара), Макс Лакмус (бас-гітара), Барыс Ліфшыц (ударныя, пэркусія) і Ян Нікаленка (бэк-вакал, клявішныя, флейта, пэркусія).
- Неўзабаве пасьля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі. У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску, бо ў залі быў плякат «Zа президента», пасьля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ паадмянялі або надоўга паадкладалі.