У Беларусі працягвае разганяцца інфляцыя. Што найбольш падаражэла за студзень

У студзені 2024 году ў параўнаньні са сьнежнем 2023-га цэны ў Беларусі вырасьлі на 0,8%, паведамляе Белстат.

Харчовыя тавары сталі даражэйшымі ў сярэднім на 1,3%, нехарчовыя тавары і паслугі падаражэлі на 0,4%.

Калі параўноўваць студзень 2024-га са студзенем 2023-га, дык гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 5,9%. Больш за ўсё падрасьлі за гэты час цэны ў сфэры паслуг — на 7,5%, далей ідуць харчовыя тавары — плюс 6,9% і нехарчовыя тавары — плюс 3,1%.

З харчовых тавараў найбольш падаражэлі гародніна (+6,4%), садавіна (+2,5%), алькагольныя напоі (+1,8%) і курыныя яйкі (1,5%), якія нядаўна сталі ў вялікай колькасьці пастаўляць у Расею.

Сярод нехарчовых тавараў больш за ўсё павялічыліся цэны на друкаваныя выданьні (+ 2,7%), лекі (+ 1,8%), а таксама дываны і дывановыя вырабы (1,3%). А вось абутак патаньнеў на 1%.

Сярод паслуг найбольш вырасьці цэны на прававыя паслугі (+8,1%), паслугі ў культурнай сфэры (на 2,5%) і санаторна-аздараўленчыя паслугі (+1,7%), а вось лётаць самалётамі стала крыху таньней — на 2,4%, сьведчыць статыстыка Белстату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: Інфляцыя ў Беларусі за 2023 год склала 5,8%

У студзеньскім аглядзе інфляцыі ў Беларусі за IV квартал 2023 году дасьледчы цэнтар Beroc адзначаў што напрыканцы 2023-га інфляцыя ў Беларусі паскорылася з 2% год да года ў верасьні да 5,8% у сьнежні. Пры гэтым, як мяркуюць у BEROC, «назапашаны цэнавы ціск мог бы прывесьці да паскарэньня інфляцыі ў 2024 годзе да 8–10%» у параўнаньні з 2023 годам.

«Стрымліваньне інфляцыі, шмат у чым адміністрацыйнымі мэтадамі, можа стаць прыярытэтам эканамічнай палітыкі, а прырост коштаў сёлета абмяжуецца 5–7% год да года», — прагназавалі экспэрты.

Паводле беларускага ўраду, у 2024 годзе грашова-крэдытная палітыка будзе накіраваная на абмежаваньне інфляцыі ў межах 6% (сьнежань 2024 году адносна сьнежня 2023 году).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што прагназуюць беларускай эканоміцы ўрад і міжнародныя фінансавыя інстытуцыі?