Пракуратура Ўкраіны спыніла разгляд запыту Беларусі аб выдачы Юрыя Зайцава, якога Менск абвінавачвае ў стварэньні злачыннай арганізацыі, кантрабандзе і незаконным абарачэньні наркотыкаў і псыхатропаў і вышуквае яго з 2014 году.
Гэта стала вядома з рашэньня, ухваленага апэляцыйным судом па выніках разгляду скаргі Юрыя Зайцава на адмову Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны ў наданьні яму статусу ўцекача або дадатковай абароны дзяржавы Ўкраіны.
Суд прызнаў законнай адмову ў наданьні яму статусу ўцекача, бо паводле ўкраінскага і міжнароднага права, камбатанты ня могуць атрымліваць прытулку.
Юры Зайцаў, як адзначаецца ў судовым рашэньні, з 26 лютага 2022 году служыць на падставе кантракту ва Ўзброеных сілах Украіны. У той жа час суд адзначыў, што іншаземцы, якія абараняюць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, могуць прэтэндаваць на атрыманьне ўкраінскага грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму беларусу адмовілі ў міжнароднай абароне ў сувязі «паляпшэньнем стану» з правамі чалавека ў БеларусіНовыя падрабязнасьці справы
У часе разгляду скаргі Юрыя Зайцава ўпершыню зьявілася іншая інфармацыя аб тым, як ён трапіў на тэрыторыю Ўкраіны, і іншае тлумачэньне ягонага перасьледу ў Беларусі. Раней украінскі суд фактычна прымаў бок Генэральнай пракуратуры Беларусі, якая называла яго ідэолягам стварэньня і кіраўніком інтэрнэт-рэсурсаў, празь якія распаўсюджваліся наркотыкі і псыхатропы цягам 2013–2014 гадоў. Іншыя 16 удзельнікаў гэтай схемы продажу спайсаў асуджаныя ў Беларусі ў 2016 годзе на тэрмін ад 9 да 19 гадоў пазбаўленьня волі.
У прыватнасьці, у скарзе адзначалася, што Юры Зайцаў у 2011–2013 гадах быў удзельнікам дэцэнтралізаванай анархічнай арганізацыі закрытага тыпу «Рэвалюцыя ў дзеяньні» і ўдзельнічаў у розных акцыях у рамках барацьбы за свабоду і роўнасьць у Беларусі, а таксама актыўна змагаўся з распаўсюдам курыльных сумесяў і супрацьдзейнічаў дзейнасьці наркакур’ераў.
Да 2013 году ён пражываў у Беларусі, а пасьля выехаў у Смаленск (Расея) на падставе расейскага пашпарта. Прычынай свайго ад’езду ў Расею ён назваў інцыдэнт, калі ў часе ягонага ўдзелу ў адной з акцый у Менску 22 чэрвеня 2013 году яго перасьледавалі супрацоўнікі АМАПу і стралялі ў яго.
У 2014 годзе ён уехаў ва Ўкраіну таксама на падставе расейскага пашпарта і атрымаў дазвол на часовае пражываньне ва Ўкраіне для ўзьяднаньня сям’і з грамадзянкай Украіны.
Дазвол на пражываньне дзейнічаў да 28 ліпеня 2015 году. Але ў 2014 годзе праз асабістыя перакананьні ён зноў выехаў у Расею і да 2019 году жыў у Смаленску, а потым — у Растове. Адтуль ён пазьней «таемным шляхам» вярнуўся ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія анархісты і чаго яны хочуць? Інтэрвію са Стасам ПачобутамЗ студзеня 2019 году да ліпеня 2020 году ён жыў у Гомлі, дзе аднавіў сувязі з сваёй маці і аднадумцамі. У канцы ліпеня 2020 году ён вымушаны быў нелегальна выехаць зь Беларусі ва Ўкраіну, пасьля таго як на яго напалі супрацоўнікі сілавых структур Беларусі, вывезьлі ў лес і прымушалі капаць магілу. Яму ўдалося ўцячы і трапіць на ўкраінскую тэрыторыю, а потым перабрацца ў Адэсу, дзе яго і затрымалі 17 жніўня 2020 году.
У судовым рашэньні адзначаецца, што адну крымінальную справу, заведзеную супраць Юрыя Зайцава ў 2012 годзе па факце незаконнага захоўваньня і збыту псыхатропных рэчываў у Беларусі закрылі, а другая (аб стварэньні злачыннай арганізацыі, кантрабандзе і незаконным абарачэньні наркотыкаў і псыхатропаў) усё яшчэ застаецца. Менавіта ў рамках яе беларускія ўлады і патрабавалі ад Украіны экстрадыцыі Юрыя Зайцава.
Што папярэднічала
Юрыя Зайцава затрымалі ў Адэсе 17 жніўня 2020 году і ўзялі пад варту. Тады на судзе, калі вызначалі меру папярэдняга ўтрыманьня, Юры Зайцаў настойваў, што ён ня тая асоба, якую шукаюць праваахоўныя органы Беларусі. Але суд устанавіў ягоную асобу на падставе беларускага пашпарта і даведкі экспэрта Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Беларусі. Яго затрымалі не па заяўленым у Адэсе адрасе пражываньня.
Тады ягоны адвакат Мікалай Дзеравянка, як і сам Юры Зайцаў, ня згадвалі палітычных матываў перасьледу ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі кіраўніка схемы продажу спайсаў у Беларусі праз інтэрнэтСьледчыя органы Беларусі, камэнтуючы расьсьледаваньне справы так званай «групы Зайцава», заяўлялі, што папярэдзілі распаўсюджваньне праз інтэрнэт-крамы больш як 36 кіляграмаў псыхаактыўных рэчываў, 200 тысяч «марак», частка зь якіх ужо была апрацавана адмысловымі рэагентамі і падрыхтаваная для продажу кліентам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандляры наркотыкамі з «групы Зайцава» атрымалі ад 9 да 19 гадоў турмы