Украіна і Расея правялі новы абмен палоннымі ў фармаце «100 на 100»

Папярэдні абмен палоннымі, у канцы студзеня 2024 году

Пасярэднікам выступілі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, паведаміла Мінабароны Расеі.

«Яшчэ 100 украінцаў знаходзяцца дома, ва Ўкраіне. Нацыянальная гвардыя, памежнікі, Узброеныя сілы. Большасьць — абаронцы Марыюпалю», — паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і апублікаваў фота вызваленых палонных.

Сярод вызваленых украінцаў — 49 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі, 25 памежнікаў, 26 вайскоўцаў Узброеных сіл, у прыватнасьці 11 вайскоўцаў тэрытарыяльнай абароны, паведамілі ў Каардынацыйным штабе.

Як заявілі ў Мінабароны Расеі, у выніку перамоваў з украінскага палону вярнулі 100 расейскіх вайскоўцаў. Пры іх вяртаньні з палону пасярэдніцкі ўдзел гуманітарнага характару ўзялі Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, дадалі ў Мінабароны Расеі.

  • Пра папярэдні абмен паведамлялася 31 студзеня. Паводле зьвестак расейскіх уладаў, Украіне перадалі 195 вайскоўцаў УСУ, а з украінскага палону былі вернутыя 195 расейскіх вайскоўцаў. Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў тады, што ў выніку абмену ва Ўкраіну вярнуліся 207 чалавек.
  • Студзеньскі абмен стаў першым пасьля крушэньня самалёта Іл-76 у Белгарадзкай вобласьці 24 студзеня. Паводле заявы Мінабароны Расеі, на борце самалёта знаходзіліся 65 украінскіх ваеннапалонных, якіх перавозілі ў Белгарад для абмену. Сьцьвярджаецца, што ўсе, хто знаходзіўся на борце, загінулі. Расейскія афіцыйныя асобы заявілі, што самалёт быў зьбіты Ўкраінай.
  • Прадстаўнікі ўладаў Украіны, уключна зь Зяленскім, не пацьвердзілі і не абверглі расейскую вэрсію здарэньня з самалётам і палоннымі, якіх павінны былі абмяняць. Яны пацьвердзілі, што абмен сапраўды рыхтаваўся, але не адбыўся. Кіеў абвінаваціў Маскву, што тая выкарыстоўвае пытаньне аб лёсе палонных для ўзьдзеяньня на грамадзкую думку ва Ўкраіне. Украінскія ўлады заклікалі да міжнароднага расьсьледаваньня катастрофы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Ўкраіна правялі вялікі абмен палоннымі — першы пасьля катастрофы Іл-76
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна перадала Расеі аднаго з трох палонных беларусаў, якія ваявалі ў складзе расейскіх сіл