Беларускі добраахвотнік з пазыўным «Нёман» паўтара года ваюе ў складзе батальёну «Волат». Ён быў у тым самым доме ў Бахмуце, у якім загінулі адразу чацьвёра пабрацімаў. Жыцьцё «Нёману» ўратаваў стваральнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі, які загінуў у той самы дзень. У гутарцы са Свабодай «Нёман» упершыню пагадзіўся расказаць пра тое здарэньне і пра сябе.
У расейскамоўнай школе адказваў па-беларуску
Добраахвотнік ня хоча называць свайго сапраўднага імя. Кажа, што грамадзкім жыцьцём у краіне зацікавіўся яшчэ ў школе. На пытаньне, калі пачаў размаўляць па-беларуску, адказвае так:
«У сэнсе, калі? Як нарадзіўся. Я вучыўся ў расейскамоўнай школе, але ўсе прадметы адказваў па-беларуску. Мяне за гэта нават са школы спрабавалі выключыць».
Суразмоўца кажа, што патрыятызм прышчапляўся праз кніжкі Ларысы Геніюш, Уладзімера Караткевіча і іншых пісьменьнікаў.
«Я з васямнаццаці гадоў удзельнічаў у мясцовых выбарах. Нават і ў парлямэнцкіх аднойчы паўдзельнічаў. Пра бел-чырвона-белы сьцяг я ведаў заўсёды, цяпер ён ляжыць у маёй бронекамізэльцы», — прызнаецца ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добраахвотнік «Кусь» пра баі ў Бахмуце, як адміраюць ныркі і хто галоўны ў палку Каліноўскага«Ня важна, штурмавік ты ці не»
«Нёман» кажа, што паехаць ва Ўкраіну на вайну яму хацелася яшчэ ў 2014 годзе, але потым неяк усё больш-менш супакоілася. Калі ж здарылася 24 лютага 2022 году, то ён адразу стаў шукаць шляхі выехаць ва Ўкраіну. На той момант яшчэ знаходзіўся ў Беларусі, доўгі час давялося чакаць візы.
«У нас з украінцамі адзін вораг, я ня мог заставацца ўбаку. Іх трэба спыніць — а хто, калі ня мы?» — кажа «Нёман».
Да палка Каліноўскага далучыўся ў чэрвені 2022 году. Якраз у той пэрыяд, калі загінуў камандзір батальёну «Волат» Іван «Брэст» Марчук. У будучыні «Нёман» будзе ваяваць якраз у складзе «Волата».
«Нёман» — штурмавік. Гэта чалавек з найбольш небясьпечнай вайсковай прафэсіяй, яму даводзіцца змагацца на лініі судакрананьня з праціўнікам. Кажа, што былі баі, калі расейцаў бачыў на адлегласьці пяці-сямі мэтраў. Гэта былі вагнэраўцы ў Бахмуце.
«Не хачу падрабязна апавядаць, што такое блізкі бой. Хай гэта застанецца са мной. Самае галоўнае — захаваць сваё жыцьцё, а ўжо потым забіраць жыцьцё іншага. Калі сьмерць цябе знаходзіць, то яна знойдзе цябе ў любым выпадку. І ня важна, ці ты штурмавік, ці не штурмавік. Мне хацелася быць штурмавіком, бо людзі, якія напалі на Ўкраіну, мае ворагі», — прызнаецца ён.
«Мне здавалася, што я ў пекле»
За час вайны «Нёман» атрымаў два раненьні. Абодва — у баях за Бахмут у Данецкай вобласьці.
«Быў танкавы абстрэл, я перабягаў зь дзьвюма скрынямі боекамплекту і выбіў сабе плячо. Справа ў тым, што даецца шэсьць сэкундаў між абстрэламі. і ў гэты час я мусіў прабегчы», — дзеліцца ён.
Другое раненьне адбылося 16 траўня 2023 году. Група беларускіх добраахвотнікаў хавалася ў адным з прыватных дамоў у Бахмуце, але іх там накрыла артылерыя. Перакрыцьці дома сталі абвальвацца, і хлопцаў засыпала бэтоннымі плітамі і друзам.
Некаторыя, у тым ліку кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс «Ваўкалак» Урбановіч, змаглі адкапацца самастойна. Адзін зь беларусаў загінуў адразу. А яшчэ чацьвёра не маглі выбрацца. Сярод апошніх быў і «Нёман».
«Толькі я змог выжыць зь „цяжкіх“. Мне здавалася, што я ў пекле. Гэта быў поўны п...ц. Нічога ня бачыў вакол. Калі ляжаў пад заваламі, то па радыйцы перадаваў „Жыве Беларусь“ і „Слава Ўкраіне“. Я маліўся там, як апошні раз. Мне ўжо ўсё было абыякава. Я прамаўляў „Ойча наш“, хаця ня ведаў тэксту. Усё ўспомніў».
«Мяне проста вырвалі адтуль»
«Нёман» расказвае, што ён ужо ня надта спадзяваўся выбрацца, як зьявіліся ўкраінскія жаўнеры з дамкратамі і пачалі спрабаваць падымаць пліты. Адна зь іх упала беларускаму ваяру на нагу, сам выбрацца ён ня мог.
«І тады я ўбачыў Міраслава Лазоўскага, „Мыша“. Гэта былі вельмі крутыя ўражаньні! „Мыш“ — мой камандзір. Я быў вельмі рады яго бачыць. Калі расейцы сталі наступаць, то я закрычаў: „Цягніце!“. Мяне проста вырвалі адтуль, так я і выжыў», — кажа «Нёман».
А вось іншага ваяра, які быў побач зь «Нёманам», уратаваць так і не змаглі, хоць спрабавалі да апошняга.
«Я памятаю ён сказаў: „Не, хлопцы, мяне ўжо ня выратуеш“. Лазоўскі ж падняў мяне на рукі і скамандаваў: „На эвакуацыю яго!“. Міраслаў выратаваў мне жыцьцё. Я ня мог ісьці: косьці не былі паламаныя, але пашкодзіла нэрвы. Я быў у прытомнасьці і ўсё разумеў».
Пра сьмерць Міраслава Лазоўскага «Нёман» дазнаўся толькі на наступны дзень, калі быў у стабілізацыйным пункце ў Дружкоўцы.
«Лазоўскі — вельмі круты мужык, я яго надзвычай паважаю. Магчыма, ён рухаўся неяк няправільна, нешта не зусім правільна рабіў, але ўмеў заўсёды размаўляць. Нават калі дзесьці накасячыш, то „Мыш“ заўсёды падыдзе да цябе і паразмаўляе. Ён трыццаць мэтраў не дайшоў да ўкрыцьця — гэта вельмі балючы для мяне ўдар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі добраахвотнік расказаў, як выйграў суд у Міграцыйнай службы Ўкраіны«Бахмут — гэта чорна-белы фільм»
Добраахвотнік лічыць, што ўсіх беларусаў, што загінулі ў той апэрацыі, трэба ўзнагародзіць украінскімі мэдалямі і ордэнамі. Што тычыцца самога Бахмута, то «Нёман» кажа пра гэтае паселішча так:
«Бахмут — гэта вельмі клясны горад, але без вайны. Ваенны Бахмут — гэта чорна-белы фільм. Я ваяваў на Запарожжы, на Арэхаве — усё нармальна. Прыяжджаеш у Бахмут — і нейкая чорна-белая фігня, няма ніякіх адценьняў».
Ваяр расказвае, што вайна, якую ён бачыў у кіно ці пра якую чытаў у кнігах, зусім не падобная да той, зь якой ён сутыкнуўся ва Ўкраіне.
«У кіно паказваюць, як усё ўзрываецца проста перад чалавекам, а ў жыцьці міна можа выбухнуць далёка ад цябе, і ты ўсё адно загінеш», — кажа «Нёман».
Першая апэрацыя з удзелам добраахвотніка праходзіла пад Запарожжам. Беларусы прыкрывалі пераносны зэнітна-ракетны комплекс.
«Нас накрыла з вогаў, гранатаў, мінаў. Мне было цікава зразумець, як я сябе пры гэтым буду адчуваць. Канечне, страшна. Вам схлусяць, калі будуць казаць, што ня страшна».
Для беларуса вельмі балючым ударам была гібель першага пабраціма. Гэта адбылося ў кастрычніку 2022 году.
«Я тады расплакаўся, Міраслаў Лазоўскі мяне супакойваў. Ён мне крычаў: „Не расстрэльвай палонных, не страляй, пастаў іх на калені“. Я тады якраз вёў палонных. Потым былі яшчэ страты, з часам да іх пачынаеш звыкаць», — кажа «Нёман».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добраахвотнік Урбановіч: «Апошняе, што пачуў ад Лазоўскага: „З Богам!“»«Падабаецца выпіць пасьля бою салодкай кавы»
Што дапамагае спраўляцца са стрэсамі на вайне?
«Мне падабаецца пасьля бою выпіць салодкай кавы. Адзін загінулы пабрацім заўжды рабіў мне салодкую какаву».
У Беларусі ў «Нёмана» выйшаў зборнік вершаў. Кажа, што на вайне яны ўжо ня пішуцца.
«І тут ня ў вольным часе справа ці ў натхненьні. Проста ня той час да вершаў. Канечне, я веру ў вызваленьне Беларусі. Мая мэта — гэта Беларусь. Ня трэба верыць тым беларускім ваярам, якія кажуць, што ўжо засяроджаныя выключна на Ўкраіне», — лічыць суразмоўца.
Ён кажа, што на вайне няма нічога прыемнага, хіба што пасьля баёў смачна паесьці ці чагосьці папіць.
«Я б ня ехаў сюды, калі б Украіна ня мусіла перамагчы. Гэта пытаньне прынцыпу. У любым разе пераможам.А да сьмерці ў мяне нармальнае стаўленьне. Яна павінна быць, але пажадана ў 124 гады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён не хацеў славы, проста хацеў рабіць справу». Камандзір успамінае загінулага ваяра Міраслава Лазоўскага