Улады актыўна выкарыстоўваюць гэты артыкул у барацьбе з тымі, хто выступае супраць палітыкі Лукашэнкі.
Калі два гады таму налічвалася 12 палітзьняволеных, якіх перасьледавалі за «здраду дзяржаве», то цяпер — 39. За гэты час адбылося значнае пашырэньне артыкулу і яго прымяненьне. Усяго налічваецца мінімум 55 фігурантаў справаў аб «зрадзе дзяржаве». Гэта асуджаныя, у тым ліку завочна, і тыя, хто ўтрымліваецца пад вартай у чаканьні суду ці пад судом.
Праваабаронцам вядома, што ў Беларусі асудзілі сама меней 44 чалавекі паводле арт. 356 КК. Зь іх дваіх — завочна. Яшчэ мінімум дзесяць беларусаў утрымліваюцца пад вартай у чаканьні суду ці пад судом. Лічба можа быць большай, бо справы аб «здрадзе дзяржаве» знаходзяцца пад заслонай сакрэтнасьці, а суды ў сваёй пераважнай большасьці праходзяць у закрытых рэжымах. Так, напрыклад, суд над журналістам Дзянісам Івашыным закрылі з прычыны таго, што ў працэсе «разглядалі зьвесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу».
Але, нягледзячы на гэта, падрабязнасьці некаторых справаў могуць паведамляць дзяржаўныя і прапагандысцкія мэдыя і прэс-службы ведамстваў.
Паводле артыкулу «здрада дзяржаве» ў Беларусі ўжо асуджаныя і адпраўленыя ў калёніі, у тым ліку:
- капітан Генштаба Узброеных сіл Дзяніс Урад (18 гадоў калёніі);
- былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч (10 гадоў);
- мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна (14 і 9 гадоў адпаведна);
- незалежныя журналісты Кацярына Бахвалава (Андрэева, 8 гадоў) і Дзяніс Івашын (13 гадоў і 1 месяц);
- 10 фігурантаў «справы Рабочага руху» (ад 11 да 15 гадоў).
- культурніцкі мэнэджар Павал Белавус (13 гадоў);
- «рэйкавыя партызаны» Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў (ад 21 да 23 гадоў);
- ІТ-спэцыяліст Дзьмітры Маставы (10 гадоў);
- апазыцыянэр Мікалай Аўтуховіч (25 гадоў);
- музыка-бубнач Яўген Глушкоў (9 гадоў);
- былы вайсковец Павал Кучынскі (19 гадоў);
- прадпрымальнік і заснавальнік візавага цэнтру Гішпаніі ў Менску Руслан Лабанок (11 гадоў);
- начальнік цэху «Гомсельмаш» Уладзіслаў Пудзяк (прысуд невядомы);
- былы супрацоўнік МЗС Аляксандар Сакалоўскі (10 гадоў);
- дальнабойнік і былы супрацоўнік лідзкай аховы Валер Троцкі (12 гадоў);
- былы начальнік службы паветранай выведкі Валер Раманоўскі (прысуд невядомы);
- былы галоўны доктар санаторыя «Беларусь» у Літве Андрэй Кобель (прысуд невядомы).
З сакавіка 2023 году пад вартай у СІЗА КДБ паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу ўтрымліваецца палітоляг і аналітык Андрэй Паротнікаў. Таксама за «здраду дзяржаве» пад вартай у тым жа ізалятары — ксёндз з Валожына Генрых Акалатовіч. Сутнасьць абвінавачаньняў пакуль невядомая.
Год таму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прынялі праект закону, які прадугледжвае ў тым ліку ўвядзеньне сьмяротнага пакараньня для службовых асоб за зьдзяйсьненьне здрады дзяржаве.
Цяпер згодна ч. 2 арт. 356 КК «здрада дзяржаве, зьдзейсьненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца», караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў са штрафам або бяз штрафу, або пажыцьцёвым пазбаўленьнем волі, або сьмяротным пакараньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыка вайсковага факультэту Берасьцейскага ўнівэрсытэту пакаралі за «здраду дзяржаве» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тата — украінец, жылі на памежжы. Што вядома пра сям’ю, затрыманую ў Гомлі за «здраду дзяржаве»