У Гомлі былога палітвязьня зноў арыштавалі на 15 дзён
Былы палітзьняволены Аляксей Раманаў 8 лютага на судзе атрымаў чарговыя 15 дзён арышту.
Яго затрымалі падчас масавага перасьледу былых палітвязьняў і іхных сем'яў у Беларусі 23 студзеня. Зранку яго дапытвалі ў КДБ, вечарам 23 студзеня перавялі ў ІЧУ. Суд тады пакараў яго 15 днямі арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Аляксей мае інваліднасьць праз анкалягічную хваробу. У яго шэраг цяжкіх хранічных захворваньняў, ён прымае шмат лекаў і мусіць прытрымлівацца адмысловай дыеты.
Як стала вядома Свабодзе, за першыя 15 дзён арышту ён тройчы трапляў у шпіталь, у яго былі моцныя прыступы. Але пасьля шпіталю яго вярталі назад у ізалятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля 15 сутак арышту выйшла на волю жонка палітвязьня Статкевіча Марына АдамовічЖыхара Ваўкавыску затрымалі за ўдзел у мітынгу 2020 году
Супрацоўнікі АМАП і ГУБАЗ затрымалі жыхара Ваўкавыску за ўдзел у мітынгу ў 2020 годзе ў Горадні, відэа зь ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал «Пульс Гродна».
На камэру затрыманы сказаў, што працуе барбэрам у салёне прыгажосьці. У роліку паказалі момант затрыманьня мужчыны: пакуль ён чысьціў на вуліцы сьнег, пяць сілавікоў павалілі яго на зямлю і заламалі рукі.
Паводле якога артыкулу абвінавачваюць жыхара Ваўкавыску, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка 7 лютага: чацьвёрты раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскага страйку; у Бярозаўцы затрымалі завуча і сакратарку школы