Нацбанк Украіны часова разблякаваў банкаўскія рахункі зь беларускімі рублямі. Колькі іх было да вайны

Нацыянальны банк Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Прадаць можна толькі безнаяўныя беларускія і расейскія рублі.

Нацыянальны банк Украіны дазволіў да 31 сьнежня 2024 году прадаць (абмяняць) безнаяўныя беларускія і расейскія рублі на іншую валюту.

Як паведаміла прэсавая служба Нацбанку Ўкраіны, размова ідзе аб сродках, што знаходзіліся на рахунках украінскіх банкаў і належалі рэзыдэнтам (фізычным ці юрыдычным асобам) Украіны.

Продаж (абмен) расейскіх і беларускіх рублёў можна ажыцьцявіць паводле заявы кліента адзін раз датычна кожнага віду валюты і толькі праз тыя банкі, якія ня маюць сувязі з Расеяй і Беларусьсю і не знаходзяцца ў санкцыйных сьпісах Украіны і іншаземных краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны паведаміў, да якога тэрміну будзе дзейнічаць забарона на разьлікі зь беларускімі кампаніямі

Што папярэднічала

Улады Ўкраіны пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, забаранілі ўсе апэрацыі ў беларускіх і расейскіх рублях.

У канцы 2023 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў закон пра банкі і банкаўскую дзейнасьць, якія дазволілі часова разблякаваць рахункі зь беларускімі і расейскімі рублямі. Гэтыя зьмены набылі юрыдычную сілу 7 лютага 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмаўляецца прымаць судовыя дакумэнты ў справах аб вяртаньні грошай Украіне за сарваныя праз вайну кантракты

Колькі беларускіх рублёў «замарозілі» ў банках Украіны

Паводле Нацыянальнага банку Ўкраіны, у пачатку 2022 году аб’ём беларускіх рублёў на рахунках юрыдычных асобаў Украіны складаў у эквіваленце адзін мільён (расейскіх — 1,874 мільёна грыўняў), а фізычных — 45 грыўняў (расейскіх рублёў — 130 мільёнаў грыўняў).

Вартасьць даляра, паводле афіцыйнага курсу 8 лютага, складае 37,5937 грыўні.

У канцы 2023 году ў пераліку на грыўню колькасьць безнаяўных беларускіх рублёў у прадпрыемстваў Украіны складала 2 мільёны, ва ўкраінскіх грамадзян — 55 грыўняў.

За год да вайны, на пачатку 2021 году, гэтыя лічбы адпаведна складалі 3 мільёны грыўняў і 5 грыўняў. Фізычныя асобы Ўкраіны аддавалі перавагу не беларускім, а расейскім рублям.

Такую вялікую колькасьць расейскіх і беларускіх рублёў ва Ўкраіне экспэрты тлумачылі вялікай дынамікай павелічэньня ўзаемнага гандлю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ня будуць ляцець ракеты». Кіраўнік гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны расказаў пра гандаль зь Беларусьсю і ўкраінскіх беларусаў

Цягам апошніх двух гадоў шмат прадпрыемстваў спрабавалі праз суд разблякаваць свае рахункі ў беларускіх і расейскіх рублях, але беспасьпяхова.

За амаль два гады расейскай агрэсіі супраць Украіны расейскі і беларускі рубель абясцэніўся ў дачыненьні да даляра.

У прыватнасьці, 23 лютага 2022 году вартасьць даляра ў беларускіх рублях складала 2,5870 беларускіх рублёў і 80,4194 — у расейскіх. 8 лютага 2024 году, адпаведна, — 3,2225 і 91,1514.