Лідэр Gods Tower трапіў у «сьпіс тэрарыстаў» КДБ

Лідэр Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абнавіў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» — там зьявіліся прозьвішчы яшчэ пяці чалавек, піша «Вясна».

Сярод іх — 48-гадовы Ўладзіслаў Наважылаў, адзін з заснавальнікаў легендарнага мэтал-гурту Gods Tower, аўтар, музыка і рэжысэр. Цяпер ён жыве ў Літве.

21 красавіка 2021 году Наважылава затрымалі і ў чэрвені асудзілі на тры гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія») за «абразу прадстаўніка ўлады»: за тое, што ён пакінуў камэнтар на Youtube пад ролікам пра сустрэчу жыхароў Гомля і старшыні аблвыканкаму са словамі «крайне неразумный боров». Наважылаў зьехаў зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рабіце што хочаце, я ў турму больш не пайду». Як лідэр Gods Tower уцёк ад «хіміі»

Акрамя Наважылава, у «тэрарыстычным» сьпісе КДБ апынуліся палітзьняволены фігурант «справы Чорнай кнігі Беларусі» Аляксандар Юшкевіч, асуджаны на 8 гадоў калёніі за «распальваньне варожасьці ці варажнечы», 34-гадовы блогер Ільля Салянкоў, 31-гадовы Мікалай Галалюк, 43-гадовы Ўладзімер Марозаў.

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» КДБ 1141 чалавек, зь іх 412 — беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуарда Бабарыку ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ дадаў у «тэрарыстычны сьпіс» зьняволенага журналіста Генадзя Мажэйку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкалу ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс» КДБ, цяпер у ім больш за 300 беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ дадаў у «тэрарыстычны» сьпіс яшчэ 20 чалавек, у ім — Вадзім Пракоп’еў і цэлая сям’я