Прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамар Такаеў падпісаў указ аб прызначэньні кіраўніка сваёй адміністрацыі Алжаса Бектэнава кіраўніком ураду Казахстану.
5 лютага Касым-Жамар Такаеў адправіў увесь склад ураду ў адстаўку. Кандыдатуру Алжаса Бектэнава на пасаду прэм’ер-міністра падтрымалі 69 дэпутатаў парлямэнту, сямёра ўстрымаліся пры галасаваньні.
У часе свайго выступу ў парлямэнце Алжас Бектэнаў заявіў, што эканоміцы краіны патрэбна надаць новы імпульс.
«Акцэнт будзе рабіцца на прамысловасьці, нафтавай і іншых важных галінах», — працытавалі новага прэм’ера казахстанскія СМІ.
Новы кіраўнік ураду паабяцаў падтрымліваць нацыянальных вытворцаў, пашыраць магчымасьці выкарыстаньня штучнага інтэлекту і тэхналёгій, а таксама забясьпечыць вяршэнства закону.
Што вядома пра новага кіраўніка ўраду Казахстану
- Алжасу Бектэнаву 44 гады, разам з жонкай ён выхоўвае траіх дзяцей.
- Скончыў Казаскую дзяржаўную юрыдычную акадэмію.
- Увесь час працаваў у дзяржаўным сэктары — у дэпартамэнце юстыцыі Алматы, юрыдычным аддзеле канцылярыі прэм’ера, у Міністэрстве юстыцыі, Агенцтве барацьбы з эканамічнай і карупцыйнай злачыннасьцю і іншых дзяржаўных структурах.
- Мае званьне генэрал-лейтэнанта антыкарупцыйнай службы.
- З красавіка 2023 году працаваў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану.