Дырэктар дэпартамэнту палітычных пытаньняў і міжнародных дачыненьняў сакратарыяту Рады Эўропы Міраслаў Папа паведаміў, што Беларусь пасьля спыненьня кантактаў з Радай Эўропы не выказвала ніякіх сыгналаў аб жаданьні аднавіць дыялёг.
«Не было ніякіх знакаў, што афіцыйны Менск хацеў бы зноў зблізіцца. Адзінае выключэньне — гэта афіцыйныя паведамленьні пра дэнансацыю Беларусьсю асобных канвэнцый Рады Эўропы, прычым фармулёўкі ў гэтых паведамленьнях выкарыстоўвалі даволі жорсткія. Напрыклад, у жніўні 2023 году Беларусь дэнансавала Бэрнскую канвэнцыю аб ахове дзікай прыроды, а ў лістападзе 2023-га, па сутнасьці, выйшла з Эўрапейскай культурнай канвэнцыі», — сказаў Міраслаў Папа ў інтэрвію выданьню «Позірк».
Паводле яго, Беларусь, якая не была сябрам Рады Эўропы, дэнансавала больш канвэнцый, чым Расея, якую выключылі з гэтай арганізацыі.
«Беларусь, як і Расея, вельмі актыўна выступае супраць Рады Эўропы ў АБСЭ, ААН і на іншых форумах. Таму я не лічу рэалістычным, што менавіта Рада Эўропы зможа ўзаемадзейнічаць з афіцыйным Менскам наконт якіх-небудзь перамоў», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык ПАРЭ назваў супрацоўніцтва зь беларускімі дэмсіламі ўнікальнай гісторыяй для Рады ЭўропыМіраслаў Папа дадаў, што цяпер Рада Эўропы хоча «інвэставаць у будучыню краіны, стварыць умовы для станаўленьня дэмакратычнай Беларусі, каб яна потым як мага хутчэй магла далучыцца да Рады Эўропы».
«Такой мы бачым ролю Рады Эўропы, і таму мы сталі першай міжнароднай арганізацыяй, якая прыняла новы фармат узаемадзеяньня: не з уладамі краіны, а з дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю. Камітэт міністраў прадэманстраваў інавацыйны падыход і ўхваліў гэтае рашэньне надзвычайна апэратыўна», — падкрэсьліў Міраслаў Папа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмовілася ад Бэрнскай канвэнцыі. Што гэта значыць для экалёгіі краіны?Што папярэднічала
У канцы студзеня Рада Эўропы разгледзела і падтрымала двухгадовы плян працы Кантактнай групы па супрацы з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці.
Кантактную групу стварылі ў верасьні 2022 году, а яе першая сустрэча адбылася ў лістападзе таго ж году.
Ад Беларусі ў гэтай групе працуюць па пяць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці. У межах супрацы ажыцьцяўляюцца пераважна адукацыйныя праекты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Беларусі патрэбная «дарожная мапа» хуткага ўступленьня ў Раду Эўропы