У Беларусі скончылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Агулам да этапу вылучэньня дайшлі 298 чалавек, яшчэ частка была адсеяная пры рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.
У выніку зарэгістравалі 265 кандыдатаў. Такім чынам, 33 чалавекі не прайшлі гэтага этапу. Хто ж апынуўся ў гэтым сьпісе?
Мінус двое дзейных дэпутатаў
Па Берасьцейскай Цэнтральнай акрузе №2 нечакана не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата дзейную дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Марыну Васько.
Да дэпутацтва яна працавала завучам у берасьцейскай гімназіі №2, а таксама выкладала беларускую мову і літаратуру. За гады дэпутацтва Марына Васько вызначылася хіба тым, што прапаноўвала ў Беларусі фільтраваць інтэрнэт, як гэта робяць у Кітаі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без апазыцыі, але з імітацыяй канкурэнтнасьці. Што паказалі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутатыГэта другі падобны прыклад за цяперашнюю выбарчую кампанію. Дэпутат Ігар Завалей, які спрабаваў вылучацца па Гомельскай сельскай акрузе №37, увогуле чамусьці не данёс неабходных дакумэнтаў і выбыў з кампаніі.
Прыхільнікаў «русского мира» не зарэгістравалі
Па Сьвіслацкай акрузе Менску № 95 спрабаваў вылучацца 55-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Іваноў, ён вядомы прыхільнік «русского мира» ў Беларусі.
Іваноў лічыць, што развал СССР быў незаконным, а Беларусь ад 1991 году знаходзіцца пад акупацыяй. Пры гэтым мужчына езьдзіў з кансьпіралягічнымі лекцыямі для работнікаў райвыканкамаў па ўсёй Беларусі. Меў пахвальную грамату ад «міністра моладзі ДНР». Іваноў прыхільнік славянскага паганства («раднавер’я»), удзельнічаў у рытуалах.
У 2020 годзе Андрэй Іваноў спрабаваў вылучацца на прэзыдэнцкія выбары, але ня быў зарэгістраваны з прычыны таго, што нарадзіўся ў Расеі. Не зарэгістравалі яго і цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія ж людзі стваралі ДНР і ЛНР». Кандыдаты і апірышчы «русского мира» ў БеларусіПа Старавіленскай акрузе № 105 вылучаўся шляхам збору подпісаў трэнэр у кікбоксінгу Яўген Дабратворскі. Яшчэ ў 2021 годзе ён праводзіў пікетаваньні пад лёзунгам «Айчына ад Берасьця да Сахаліна».
Дабратворскі блізкі да актывістаў беларускай філіі расейскага Нацыянальна-вызваленчага руху (НОД). Ніводнага з прадстаўнікоў арганізацыі не зарэгістравалі ў якасьці кандыдатаў.
Дабратворскі — вядомы ў краіне трэнэр, які выхаваў многіх чэмпіёнаў. Сярод ягоных вядомых выхаванцаў і Дзьмітры Шакута, той самы, якога падазраюць ва ўдзеле ў пабіцьці Рамана Бандарэнкі ў 2020 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Героі і ахвяры «плошчы Перамен»Купляў рэкляму, але не дапамагло
Па той самай Старавіленскай акрузе Менску №105 ня быў зарэгістраваны індывідуальны прадпрымальнік Раман Якуцін.
Напярэдадні выбараў рэклямныя тэксты пра Якуціна сталі масава зьяўляцца на расейскіх і беларускіх сайтах. Там Якуцін падаваўся як пасьпяховы ІТ-бізнэсовец, але беларускі Цэнтрвыбаркам гэта не пераканала.
Зьяўлялася рэкляма Якуціна ў тым ліку на сайтах, якія спэцыялізуюцца на ачарненьні беларускай апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бондарава, Раманаў, Гігін. Хто з прарасейскіх кандыдатаў удзельнічае ў выбарахТыктокер раскрытыкаваў сыстэму
Па Барысаўскай сельскай акрузе №63 подпісы зьбіраў 24-гадовы тыктокер і прадавец-кансультант Арцём Дубінін.
У сацыяльных сетках Арцём мае нік “Рупор Здравомыслия”. Дубінін нэгатыўна ставіцца да пратэстаў 2020 году, крытыкуе Захад, падтрымлівае Расею ў вайне з Украінай. Але такога кандыдата не зарэгістравалі.
Больш за тое, у сваім TikTok ён раскрытыкаваў умовы правядзеньня выбараў. Маўляў, кандыдат ад улады выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс.
Вайсковец і супрацоўнік Сьледчага камітэту таксама міма
У Магілёўскай вобласьці ў кожнай акрузе зарэгістравалі роўна па два кандыдаты. І толькі ў адной Бабруйскай-Першамайскай акрузе вылучыліся трое. “Трэцім лішнім” стаў Ільля Хейдэр, інструктар атраду ў вайсковай частцы 89417, якая базуецца ў Мар’інай Горцы.
Ён ішоў шляхам збору подпісаў, а не вылучаўся ад працоўнага калектыву ці партыі. Хейдар прапаршчык, а таксама выпускнік Акадэміі кіраваньня. Вайскоўца не зарэгістравалі.
Як і супрацоўніка Сьледчага камітэту Арнольда Брагінца. Ён вылучаўся па Белавескай акрузе №8. Брагінец працуе вядучым інжынэрам ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці. І ён таксама ішоў самастойна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўладзе ўяўная канкурэнцыя на выбарах? — тлумачэньне былога супрацоўніка адміністрацыі ЛукашэнкіПрарэдзілі вылучэнцаў ЛДПБ і КПБ
У Гомельскай вобласьці з выбарчай гонкі зьнялі 7 кандыдатаў ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі з 17. А яшчэ адна – Ганна Клюева – зьнялася сама пасьля рэгістрацыі. Яна вылучалася па Рагачоўскай акрузе.
Усяго ў Беларусі 17 прадстаўнікоў ад ЛДПБ у выніку так і не былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў.
У праўладных камуністаў сьпіс адсеяных крыху карацейшы – 7 чалавек.