Цалкам гутарку глядзіце на Youtube.
Фрагмэнты гутаркі.
Вадзім Мажэйка:
- Галоўнае апірышча «русского мира» ў дзяржаўным апараце Беларусі — гэта Аляксандар Лукашэнка. Усю сваю палітычную кар’еру ён хоча паказаць Крамлю, што Расеі няма на каго абаперціся ў Беларусі лепей, чым на Лукашэнку. Няма іншай арганізаванай прарасейскай сілы, якая магла б на нешта ўплываць, хоць былі спробы такія сілы стварыць.
- «Русский мир» — гэта спэктар, дзе з аднаго боку людзі, якія кажуць, што беларусаў не існуе як нацыі і не павінна быць беларускай дзяржавы, а зь іншага боку ёсьць людзі, якія проста кажуць, што ў нас з Расеяй супольная частка гісторыі і культуры і што варта сябраваць і супрацоўнічаць.
- Пэўна, ёсьць людзі, якія атрымліваюць інструкцыі з Масквы, але ёсьць і проста людзі з такімі поглядамі. Тут важна не капіяваць рэжым Лукашэнкі, які кажа, што ўсе апазыцыянэры — празаходнікі, купленыя Дзярждэпам.
- Такія кандыдаты, як Бондарава, якая ідзе ў Менгарсавет, ці адыёзны лектар Іваноў, які ідзе ў Палату прадстаўнікоў, ня трапяць у дэпутаты з імавернасьцю 99%. Бо па тых жа акругах балятуюцца кандыдаты, якія ідуць на выбары не з уласнай ініцыятывы, і менавіта яны будуць фактычна прызначаныя на дэпутацтва.
- На ўсходзе Ўкраіны да 2014 году будаваліся вялікія парамілітарныя структуры, спартовыя клюбы. Акурат гэтыя людзі займаліся так званымі «антымайданамі», а потым сталі асновай «ДНР-ЛНР». Але нават у гэтым выпадку можна казаць аб правале Расеі, бо спатрэбілася падтрымка расейскага войска.
Зьміцер Панкавец:
- «Русскомирство» можа быць як палітычнай каньюнктурай, гэтак і рэальнымі поглядамі людзей, якіх яны прытрымліваліся шмат гадоў. Напрыклад, Аляксандар Шпакоўскі, прадстаўнік беларускага пасольства ў Расеі, прапагандыст, цяпер шмат выказваецца ў падтрымку Расеі, у падтрымку вайны ва Ўкраіне. Але да падзеяў 2020 году ён ня быў заўважаны ў вялікай любові да Расеі. А іншыя пэрсанажы, кшталту Вадзіма Гігіна, заўсёды былі прыхільныя да Расеі і да такіх фігураў, як Мураўёў-вешальнік.
- Амаль усе, хто балятуецца ў Палату прадстаўнікоў ці мясцовыя саветы, так ці інакш мусяць паказваць сваю прыхільнасьць да Расеі. Але большасьць зь іх не выпадае называць прадстаўнікамі «русского мира».
- Сярод найбольш значных фігураў ва ўладзе сваю прыхільнасьць да «русского мира» не хавае намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў. Ён выказвае такія ідэі ў інтэрвію і адкрыта зьяўляецца на публіцы з шаўронам «ЧВК Вагнер».
- Другая фігура, пра якую існуюць хутчэй здагадкі, гэта кіраўнік Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч. Ён ураджэнец Расеі, а ягоны брат быў расейскім вайскоўцам і нават трапіў у палон у Чачні. Ня толькі Лукашэнка, але і Вальфовіч спрычыніўся да таго, што ў 2022 годзе расейскія войскі пайшлі ў наступ на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.