На пасяджэньне не зьявіліся прадстаўнікі Вугорскага грамадзянскага саюзу (FIDES) — партыі, якую ўзначальвае прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан.
Прэс-служба FIDES паведаміла, што ў партыі гатовыя абмяркоўваць заяўку Швэцыі, калі яе прэмʼер-міністар Ульф Крыстэрсан спачатку сустрэнецца зь Віктарам Орбанам. «Калі гэта важнае пытаньне для швэдаў, то відавочна, прэмʼер-міністар Швэцыі прыедзе ў Будапэшт», — адказалі ў FIDES на запыт агенцтва Reuters.
Раней Крыстэрсан адхіліў запрашэньне Орбана, прапанаваўшы ўзамен абмеркаваць усе двухбаковыя пытаньні на сустрэчы ў Брусэлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Турэччыны ўхваліў заяўку Швэцыі на ўступленьне ў NATOПазачарговае пасяджэньне адмыслова для абмеркаваньня заяўкі Швэцыі на далучэньне да NATO склікалі на ініцыятыву апазыцыйных партый, але прадстаўнікі FIDES байкатавалі яго. Цяпер гэтае пытаньне можа быць паднятае на адным з чарговых парлямэнцкіх пасяджэньняў: наступная сэсія пачнецца ў канцы лютага.
Прадстаўнікі апазыцыйных партый асудзілі паводзіны Вугорскага грамадзянскага саюзу. Дэпутатка ад Дэмакратычнай кааліцыі Агнеш Вадаі заявіла, што Орбан «хоча зрабіць прыемнае Пуціну, падрываючы адзінства NATO».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан: Вугоршчына падтрымлівае ўступленьне Швэцыі ў NATOШвэцыя, якая працяглы час была нэўтральнай краінай, падала заяўку на ўступленьне ў NATO разам зь Фінляндыяй вясной 2022 году, неўзабаве пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Для ўступленьня краіны ў NATO патрабуецца згода ўсіх дзяржаў – сяброў Альянсу (да прыёму Фінляндыі іх было 30).
Працэс ратыфікацыі заяўкі Швэцыі зацягваўся з прычыны пазыцыі Вугоршчыны і Турэччыны. Турэччына ўхваліла заяўку ў студзені гэтага году. Такім чынам, Вугоршчына засталася адзінай краінай NATO, якая не дала згоды на далучэньне Швэцыі да Альянсу.
Урад Віктара Орбана і ён сам працягваюць і пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне падтрымліваць сувязі з Масквой, выступаюць супраць увядзеньня адносна Расеі санкцыяў і супраць падтрымкі Эўразьвязам Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз пераадолеў пярэчаньні Вугоршчыны і ўхваліў дадатковы пакет дапамогі Ўкраіне на 50 мільярдаў эўра