Беларускі клюб Spadčyna ва Ўроцлаве абвясьціў новыя праекты для дзяцей

Сымболіка беларускага клюбу ва Ўроцлаве Spadčyna

Клюб Spadčyna паведаміў, што стабільна працуе і прымае новых дзяцей.

«Супольная падтрымка дазволіла праекту з Уроцлава стаць на ногі, стабільна разьвівацца мінулы год і прымаць усё больш і больш дзяцей», паведамляюць «Беларускія магістраты», заклікаючы сачыць за далейшай дзейнасьцю беларускага клюбу ў інтэрнэце.

Цяпер у клюбе 84 чалавекі, прыкладна 40 зь іх — актывісты, якія рэгулярна наведваюць заняткі і рэалізоўваюць свае асабістыя праекты. Дзеці ў «Спадчыне» падзеленыя на дзьве групы: малодшая 7+ і старэйшая 13+. Заняткі з малодшымі — у суботы, а з старэйшымі — у нядзелі.

Цяпер да дзейнасьці «Спадчыны» далучыліся 5 куратараў (народныя сьпевы, побытавыя танцы, гісторыя, рукадзельле і правы чалавека). Тут стварылі Дыскусійны і Гістарычны клюбы «Летапіс». У рамках Дыскусійнага клюбу сабралася група падлеткаў, якія цікавяцца народнай творчасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разам лепей». Ва Ўроцлаве пачаўся ХІ Фэстываль незалежнай беларускай культуры. ФОТА

Разам зь дзецьмі арганізатары суполкі распрацоўваюць некалькі экскурсійных маршрутаў па Ўроцлаве.

Ёсьць у «Спадчыне» і заняткі па традыцыйным рукадзельлі «Этна-стайл», заняткі па вывучэньні беларускай мовы «Наша мова», праводзяцца заняткі па этнаграфіі і культуры Беларусі, пасьпяхова праходзяць трэнінгі з грамадазнаўства і правоў чалавека.

Таксама клюб правёў летнік з намётамі, экскурсію ў Бэрлін, былі паходы ў горы, пікнікі. Акрамя таго, беларусы з клюбу ўдзельнічалі ў розных гарадзкіх конкурсах. Цяпер на базе клюбу ствараюць падлеткавы музычны гурт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусізаваць Беларусь? Прапановы Цімафея Акудовіча