Менскі даўгабуд на вуліцы Маякоўскага, 31 плянуецца скончыць да канца гэтага — пачатку наступнага году. Пра гэта паведамляе сайт «Мінск-навіны».
У 2012 годзе прэстыжнае месца ў раёне Лошыцкага парку і станцыі мэтро «Пралетарская» перадалі прыватнаму забудоўніку «Лада ОМС».
Уладальнік кампаніі Аляксей Ваганаў разам з кіраўніцтвам Менскага гарвыканкаму і францускай групы Accor урачыста адкрылі пляцоўку. Там плянавалася пабудаваць некалькі жылых дамоў высокай клясы, гандлёвыя памяшканьні, бізнэс-цэнтар і ўласна гатэль, якім кіравала б француская група. Кіраўніцтва гораду сьпяшалася адкрыць гатэль, спадзеючыся, што пасьля чэмпіянату сьвету ў хакеі, які павінен быў адбыцца праз год, у Менск прыедуць шмат турыстаў і інвэстараў. Жылыя дамы пабудавалі, а гатэль так і заставаўся даўгабудам.
Француская кампанія Accor кіруе больш як 5100 гатэлямі па ўсім сьвеце.
У выніку аб’ект прадалі новаму ўласьніку, які абяцаў пабудаваць замест гатэля мэдыцынскі цэнтар. Аднак і той ня даў рады даўгабуду. Сваім указам Лукашэнка перадаў месца для забудовы дзяржаўнай арганізацыі. Там разьмесьцяць некалькі дзяржаўных паліклінік і мэдцэнтраў.
Папярэдні забудоўнік, кампанія «Лада ОМС-Інжынірынг», у хуткім часе можа збанкрутаваць. Такое вядзеньне ў студзені 2024 году пачаў эканамічны суд Менску, паведаміў сайт Office Life.
Паводле матэрыялаў справы, кампанія мае агульную запазычанасьць больш як $15 млн. Грошы патрабуюць 214 крэдытораў, у тым ліку і дзяржава.
Ужо прайшло першае паседжаньне суду, дзе выявілі, што ў прадпрыемства няма ліквіднай маёмасьці і сродкаў на рахунках, кампаніі вызначылі ахоўны пэрыяд да 8 лютага 2024 году.
Што вядома пра ранейшага інвэстара
Аляксей Ваганаў — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў (2000–2004), эканамічны дарадца былога сьпікера палаты Ўладзімера Канаплёва, быў сябрам Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, былы старшыня Беларускай фэдэрацыі бадмінтону, узнагароджаны ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Беларусі.
Яшчэ ў 2016 годзе саўладальнік групы «Лада ОМС» старшыня назіральнай рады СП ЗАТ «Юнісон» Аляксей Ваганаў займаў 25-ю пазыцыю ў рэйтынгу топ-200 беларускіх бізнэсоўцаў, які складаў сайт «Еженедельник». У 2023 годзе аўтары склалі рэйтынг топ-100 беларускіх бізнэсоўцаў і разьмясьцілі на рэсурсе «Беларусы і рынак». Аляксея Ваганава сярод гэтай сотні няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На будоўлі «Газпром Цэнтру» ў Менску абсталяваньне на 20 мільёнаў даляраў ператварылася ў мэталялом