Звыш 6,6 тысячы грамадзян не аплацілі праезд на Беларускай чыгунцы ў 2023 годзе

Цягнік, ілюстрацыйнае фота

Такую статыстыку прывяла Беларуская чыгунка, заклікаўшы больш адказна ставіцца да аплаты праезду.

У 2023 годзе за безьбілетны праезд да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі больш за 6,6 тысячы грамадзян, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.

«Праблема безьбілетнага праезду грамадзян застаецца актуальнай для Беларускай чыгункі. Мэтанакіраваная работа ў прафіляктыцы гэтага віду правапарушэньня будзе працягнута і ў 2024 годзе, у тым ліку з прыцягненьнем праваахоўных органаў», — напісана ў паведамленьні.

У Беларусі штраф за безьбілетны праезд складае ад 0,5 да 1 базавай велічыні ў залежнасьці ад віду транспарту. Пастановай ўраду Беларусі з 1 студзеня 2024 году ўстанавілі памер базавай велічыні ў 40 рублёў.

Безьбілетны грамадзянін, выяўлены ў пасажырскім цягніку, абавязаны аплаціць кошт праезду ад станцыі пасадкі да станцыі свайго прызначэньня, кошт паслугі па афармленьні праязнога дакумэнту ў цягніку і штраф. Калі ён заяўляе пра жаданьне пакінуць цягнік неадкладна, то ён аплачвае праезд да станцыі, на якой пакіне цягнік, і штраф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 85% міжнародных перавозак беларускай чыгункі — Масква і Санкт-Пецярбург, — міністар транспарту і камунікацый