Як паведамляе выданьне Dev.by са спасылкай на сайт Адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асоб, працэдуру ліквідацыі Belka Games запусьцілі напрыканцы сьнежня 2023 году. Рашэньне прынялі ўласьнікі.
На пачатку 2022 году ў кампаніі працавала больш за 400 чалавек у шасьці філіях, у тым ліку і менскі офіс.
Belka Games — адзін з найбуйнейшых мабільных распрацоўшчыкаў зь беларускімі каранямі, адзначае Dev.by. Студыя — стратэгічны партнэр AppLovin, сусьветнай мабільнай рэклямнай плятформы. У 2019 годзе Belka Games прыцягнула інвэстыцыі ад AppLovin, якая на той момант ацэньвалася ў 2 мільярды даляраў.
У 2021 годзе Belka Games увайшла ў топ-3 найбуйнейшых паблішэраў зь беларускімі каранямі па памеры выручкі. Кампанія атрымала за год 130,7 мільёна даляраў.
Belka Games увайшла ў топ-100 мабільных паблішэраў сьвету паводле вэрсіі App Annie.
Хто яшчэ з ІТ-кампаній нядаўна закрыўся ў Беларусі
Летась стала вядома, што ІТ-кампаніі Gurtam і Akveo закрываюць свае беларускія юрыдычныя асобы.
Беларуская ІТ-кампанія Gurtam стварыла плятформу для спадарожнікавага маніторынгу і інтэрнэту рэчаў Wialon і плятформу flespi для паскоранай распрацоўкі геалякацыйных рашэньняў. Да Wialon падключана больш за 3,5 млн машын і іншых аб’ектаў у больш як 150 краінах сьвету.
Раней асноўная каманда працавала ў Беларусі (больш за 200 чалавек), цяпер — у Літве, куды перанесьлі галаўны офіс кампаніі.
У ліпені 2020 году сілавікі затрымалі ў Менску дырэктара Wialon Аляксандра Куўшынава разам з братам Віктарам Куўшынавым, мэнэджарам па прадукце PandaDoc. Іх асудзілі да 10 і 11 сутак арышту (нібыта за парушэньне парадку). Пазьней Віктар аказаўся ў СІЗА па справе PandaDoc, а Аляксандар зьехаў зь Беларусі.
Akveo займаецца распрацоўкай уласных праграмных прадуктаў для вэбу і мабільных рашэньняў. Яе прадукты прымяняюць у аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, мэдычнай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах. Офісы кампаніі адкрытыя ў Дэнвэры і Вільні, увосень 2022 году Akveo зарэгістравала юрыдычную асобу ў Варшаве.
Апрача таго, як пісаў сайт Dev.by, яшчэ некалькі ІТ-кампаній трапілі пад ліквідацыю ў 2023 годзе:
- «ПЦІ Салюшнс»: Займалася распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня, заснавальнік — экс-дырэктар менскай PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч. На пачатку верасьня 2020 яго і яшчэ трох супрацоўнікаў кампаніі затрымалі па справе PandaDoc. Пасьля выхаду зь СІЗА ён зарэгістраваў новую кампанію. Юрыдычны адрас «ПЦІ Салюшнс» супаў зь юрыдычным адрасам PandaDoc (была ліквідаваная ў 2021-м).
- «Фрэшлі Дата»: створаная ў студзені 2019 году, была выдзеленым цэнтрам распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня амэрыканскай кампаніі Freshly, з кастрычніка 2019 году — рэзыдэнт ПВТ.
- «Інэвейт Юроп»: створаная ў 2019 годзе як цэнтар распрацоўкі міжнароднай групы кампаній ENAVATE. Займалася стварэньнем сыстэм і воблачных сэрвісаў для спрашчэньня і аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. У штаце ENAVATE каля 250 супрацоўнікаў, у Беларусі працавала каля 20 чалавек.
З 2022 году ІТ-кампаніі пачалі масава сыходзіць зь Беларусі. З краіны сышлі такія вядомыя кампаніі зь беларускімі каранямі, як Wargaming, OneSoil, Flo, Targetprocess, Fibery, Vochi, Wannaby, Playgendary, Verv.
Зь вядомых кампаній зь беларускімі каранямі ў краіне працягваюць працаваць, у прыватнасьці, SayGames, Belka Games, Gismart, Easybrain. Сярод замежных кампаній захавалі свае офісы ў Беларусі Playtika, Mapbox, Rakuten Viber, SK Hynix.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі сыходзяць яшчэ дзьве вядомыя IT-кампаніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве IT-кампаніі зь беларускімі каранямі ўвайшлі ў топ‑5 найбуйнейшых падаткаплатнікаў галіны ў Літве