Затрымалі пяць былых сілавікоў, якія ў 2020 годзе запісалі відэа з асуджэньнем гвалту

Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота

Супраць іх завялі крымінальную справу.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома пра затрыманьне 31 студзеня шэрагу былых сілавікоў:

  • падпалкоўніка міліцыі запасу Ігара Кісьляка, які скончыў службу намесьнікам начальніка аддзелу ГУБАЗ, а да гэтага доўга служыў начальнікам крымінальнай міліцыі Жодзінскага ГАУС;
  • падпалкоўніка ў адстаўцы, былога намесьніка начальніка Жодзінскага ГАУС, начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Вячаслава Ільіча;
  • падпалкоўніка, былога намесьніка начальніка Жодзінскага ГАУС па ідэалягічнай рабоце і кадравым забесьпячэньні Андрэя Дарошкі;
  • падпалкоўніка юстыцыі ў запасе, былога начальніка сьледчага аддзела Віталя Папроцкага;
  • падпалкоўніка юстыцыі ў запасе, начальніка сьледчага аддзяленьня Дзьмітрыя Ўдовіна.

У 2020 годзе яны запісалі відэазварот да сваіх былых калег, у якім асудзілі гвалт у дачыненьні да беларусаў, піша ex-press.live.

Абставіны затрыманьня і статус затрыманых не раскрываюцца. Вядома, што затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА-1 у Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 лютага: дэпутата з Заслаўя абвінавацілі ў фінансаваньні «экстрэмізму»; затрымалі лекара з ЛАДЭ