Навігацыйнае папярэджаньне мусяць узяць пад увагу авіякампаніі і ўсе пілёты цывільнай авіяцыі. Яно будзе дзейнічаць з 5 лютага да 5 траўня.
Пілёты павінны быць на гукавой сувязі зь зямлёю на пэўных каналах. Таксама належыць абавязкова ўлучаць транспондэр — прыладу, якая аўтаматычна перадае інфармацыю пра самалёт у адказ на запыт зь зямлі.
Папярэджаньне распаўсюджваецца на раёны Польшчы ўздоўж межаў з Калінінградзкай вобласьцю Расеі, Беларусьсю і Ўкраінай.
Навігацыйныя папярэджаньні зьвязаныя з забесьпячэньнем нацыянальнай бясьпекі.
Раней NATO пачало самыя маштабныя вучэньні з часоў халоднай вайны. У вайсковых вучэньнях Steadfast Defender 2024, на якіх плянуюць удакладніць абарончыя пляны NATO наконт умацаваньня эўрапейскай бясьпекі ад роўнага па сіле праціўніка, бяруць удзел каля 90 000 вайскоўцаў з усіх краін Паўночнаатлянтычнага альянсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны вайсковыя вучэньні NATO ўздоўж межаў з Расеяй і БеларусьсюВучэньні будуць праходзіць да 31 траўня ў два этапы: на першым этапе ў цэнтры ўвагі будзе марское ўмацаваньне праз Атлянтыку і ў Арктыцы, а на другім, які будзе адбывацца зь сярэдзіны лютага да канца траўня, — умацаваньне абароны ва ўсіх сфэрах ад Арктыкі да ўсходняга флянгу.
Вучэньні праходзяць у некалькіх ключавых эўрапейскіх краінах — уздоўж межаў з Расеяй, Беларусьсю і Ўкраінай. У прыватнасьці, адпрацоўваньне абаронных плянаў будзе адбывацца ў Фінляндыі, Эстоніі, Нямеччыне, Грэцыі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Нарвэгіі, Польшчы, Румыніі, Славаччыне, Швэцыі і Вялікай Брытаніі.
Свае сумесныя манэўры, у тым ліку ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы з Эўразьвязам, рэгулярна праводзяць Расея і Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш за 500 тысяч мінаў». Вальфовіч паскардзіўся на сытуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы