Аб гэтым піша газэта The New York Times. Паводле выданьня, у Бэрліне асьцерагаюцца, што Трамп у выпадку вяртаньня ў Белы дом будзе праводзіць яшчэ больш ізаляцыянісцкую палітыку, чым пры сваім першым прэзыдэнцкім тэрміне, што можа азначаць, што асноўны цяжар падтрымкі Украіны ў барацьбе з Расеяй ляжа на краіны ЭЗ.
Міністар абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс, як адзначае The New York Times, апошнім часам пачаў выступаць з папярэджаньнямі аб тым, што Нямеччына павінна рыхтавацца да «дзесяцігодзьдзяў» супрацьстаяньня з Расеяй. На думку Пісторыюса, варта лічыць рэальнай і пэрспэктыву нападу Расеі на адну з краін NATO празь некалькі гадоў. Кіраўнік Мінабароны заклікае да хуткага пераўзбраеньня нямецкай арміі і павелічэньня яе колькасьці.
The New York Times адзначае, што публічныя выказваньні Пісторыюса, аднаго з найбольш уплывовых палітыкаў у Нямеччыне, сьведчаць аб зьменах у сьвядомасьці нямецкай палітычнай эліты. Пры гэтым, як сьцьвярджае выданьне, пакуль нельга сказаць, што грамадзкая думка ў ФРГ успрымае Расею як прамую пагрозу Нямеччыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны вайсковыя вучэньні NATO ўздоўж межаў з Расеяй і БеларусьсюАсобна газэта зьвяртае ўвагу на абмеркаваньні ў кіроўных колах ФРГ магчымай перамогі Трампа на выбарах у ЗША. У гэтым выпадку, як баяцца ў Бэрліне, Злучаныя Штаты, фармальна не выходзячы з NATO, могуць перастаць быць асноўнай сілай у гэтым зьвязе. Палітыкі ў Нямеччыне сур'ёзна заклапочаныя пытаньнем, ці зможа NATO ў такім выпадку захавацца, і калі так, то за кошт чаго.
The New York Times адзначае, што ў нямецкім кіраўніцтве па-ранейшаму існуюць рознагалосьсі адносна таго, наколькі жорсткай павінна быць лінія ў адносінах да Расеі. Прыкладам такіх рознагалосьсяў можа служыць тое, што Бэрлін да гэтага часу не ўхваліў пастаўкі Ўкраіне дальнабойных ракет Taurus. У той жа час газэта адзначае, што Нямеччына на другім месцы пасьля ЗША ў абʼёмах вайсковай дапамогі Ўкраіне, а сёлета яе выдаткі на абарону ўпершыню дасягнуць 2% ВУП (на чым, апроч іншага, настойваў Трамп у бытнасьць прэзыдэнтам).
- Публікацыя прымеркаваная да візыту канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца ў Вашынгтон – яго сустрэча з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам прызначаная на пятніцу 9 лютага.