Пра гэта гаворыцца ў справаздачы выведкі Міністэрства абароны Брытаніі, апублікаванай у нядзелю, 4 лютага.
«Працяглая прысутнасьць «вагнэраўцаў» у Беларусі амаль напэўна грае на руку Расеі ў вядзеньні баявых дзеяньняў, паколькі гэта прымушае Ўкраіну падтрымліваць абаронныя пазыцыі і пакідаць асабісты склад на мяжы зь Беларусьсю», – тлумачыцца ў аглядзе.
«Вагнэраўцы» знаходзяцца ў Беларусі з чэрвеня 2023 году, тады іх было 8 тысяч. Яны працягваюць навучаць беларускіх вайскоўцаў, лічаць у брытанскай выведцы.
Паводле дадзеных выведкі, малаверагодна, што Аляксандар Лукашэнка будзе выкарыстоўваць наймітаў ПВК «Вагнэр» па-за межамі іх паўнамоцтваў. Адзначаецца, што цяпер найміты ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы войскаў міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, аднак наўрад ці будуць прымаць непасрэдны ўдзел у падтрыманьні ўнутранай або памежнай бясьпекі ў краіне.
У студзені паведамлялася, што ва Ўнутраных войсках МУС Беларусі працягваюцца трэніроўкі з байцамі ПВК «Вагнэр». У прыватнасьці, было створана некалькі атрадаў спэцназу.
Ва Ўнутраных войсках МУС Беларусі за год стварылі пяць новых падразьдзяленьняў і два атрады добраахвотнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вагнэраўцы вучаць снайпэраў унутраных войскаў МУС Беларусі- 23 жніўня 2023 году ў Цьвярской вобласьці РФ разьбіўся самалёт Embraer Legacy 600. Расавіяцыя пацьвердзіла, што на борце былі кіраўнік вагнэраўцаў Яўгені Прыгожын і яго намесьнік Дзьмітры Уткін. Аварыя адбылася праз два месяцы пасьля няўдалай спробы бунту вагнэраўцаў.
- Празь некаторы час пасьля бунту Расея пачала рэабілітаваць некаторыя элемэнты ПВК: як паведамлялі ў брытанскай выведцы, баевікам ПВК «Вагнэр» выдалі афіцыйныя дакумэнты, якія вызначаюць іх як вэтэранаў баявых дзеяньняў. Таксама ПВК была ўключаная ў структуру Расгвардыі.
- У студзені паведамлялася, што Расея перакінула рэшткі ПВК «Вагнэр» на Аўдзееўскі кірунак у Данецкай вобласьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вагнэраўцы ўступаюць у «Афрыканскі корпус», — The Independent