Як піша газэта The Independent, на фоне эскаляцыі на Блізкім Усходзе і вайны, якую ізраільская дзяржава вядзе супраць тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС, былая ПВК «Вагнэр» умацоўвае сваю прысутнасьць у Лібіі і Судане, разьмешчаных у гэтым вельмі нестабільным рэгіёне, а таксама ўзмацняе свае пазыцыі ў афрыканскіх дзяржавах, замяняючы заходнія сілы, якія сышлі адтуль.
Па зьвестках выданьня, якое цытуе DW, многія найміты з былой ПВК далучыліся да фарміраваньня пад назвай «Афрыканскі корпус» (Africa Corps.). Газэта цытуе экс-вагнэраўца, які прадставіўся Сяргеем. Ён кажа пра вялікую цікавасьць былых наймітаў ЧВК да новага фарміраваньня ў тым ліку таму, што вяртаньне да грамадзянскага жыцьця для многіх зь іх можа аказацца цяжкім.
Цяпер «Афрыканскі корпус» імкнецца заняць месца ПВК «Вагнэр», якая гарантавала бясьпеку мясцовым кіраўнікам у абмен на грошы ці прывабныя ўмовы на распрацоўку карысных выкапняў, пішуць журналісты.
«Расея, відавочна, была сканцэнтравана на Украіне, і яе ўплыў на Блізкім Усходзе, які быў даволі значным, прыкметна зьменшыўся. Цяпер яны (улады РФ. — Рэд.) бачаць шлях назад, і „Вагнэр“, як бы ён ні называўся зараз і ў будучыні, зьяўляецца вельмі карысным проксі. — цытуе выданьне неназванага заходняга службоўца са сфэры бясьпекі. — Адрозьненьне ад ранейшых часоў складаецца ў тым, што зараз яна (ПВК „Вагнэр“. — Рэд.) будзе знаходзіцца пад прамым кантролем Крамля, а не людзей накшталт Прыгожына і яго паплечнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея рыхтуе масавае засяленьне акупаванай вобласьці, у тым ліку і беларусамі, — улады Украіны