Згодна з рашэньнем грамадзянскага суда, вясельле палітыка ў студзені 2018 года прайшло ў парушэньні ўстаноўленай у сьвятым для мусульман Каране забароны жанчынам выходзіць замуж адразу пасьля разводу, расказвае Пуштунская служба Радыё Свабода.
Бушра Бібі разьвялася ў лістападзе і павінна была пачакаць тры месяцы, у ісламе гэты пэрыяд завецца ідой. У лютым 2018 года Хан прасіў мулу правесьці вясельле яшчэ раз, паведамляла The Express Tribune.
Супраць Хана заведзена больш за 50 крымінальных спраў, у тым ліку — аб тэрарызьме. У жніўні 2023 года яго прыгаварылі да трох гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў адмываньні грошай. 30 студзеня ён быў прыгавораны да 10 гадоў па абвінавачаньні ў разгалашэньні дзяржтаямніцы. 31 ён разам з жонкай былі прыгавораны да 14 гадоў па абвінавачаньні ў карупцыі. Яны адмаўляюць усе абвінавачаньні і называюць іх палітычнымі.
71-гадовы палітык узначальваў урад Пакістана з 2018 па 2022 год, пакуль яго не адхілілі ад пасады галасаваньнем дэпутатаў. Тры прыгаворы за тыдзень вынесеныя за некалькі дзён да назначаных на 8 лютага ўсеагульных выбараў у краіне. Яго да выбараў не дапусьцілі.
Яго партыі забаранілі выкарыстоўваць лягатып у выбарчых бюлетэнях — у Пакістане, Бангладэш і Індыі карцінкі друкуюць у бюлетэнях, каб партыю маглі даведацца непісьменныя кандыдаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы на адваката былому страйкамаўцу Краўчанку, якога хочуць дэпартаваць зь Літвы, сабралі менш чым за дзень