Пра гэта заявілі ў Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі краіны (ДДБ), паведамляе літоўская тэлерадыёкампанія LRT.
Заява Дэпартамэнту зьявілася пасьля агалоскі выпадку з былым маёрам беларускай міліцыі Аляксандрам Маціевічам, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у здушэньні пратэстаў у Беларусі, а потым атрымаў від на жыхарства ў Літве.
У Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі не пракамэнтавалі, як Маціевіч атрымаў часовы дазвол на жыхарства ў Літве, але папярэдзілі пра небясьпеку, якую могуць уяўляць сабой беларусы, якія прыяжджаюць у Літву. Спэцслужба лічыць, што некаторыя зь беларусаў могуць супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі органамі Беларусі і перадаваць ім інфармацыю.
«Паводле дадзеных ДДБ, большасьць мігрантаў зь Беларусі — эканамічныя мігранты, і толькі частка беларусаў, якія жывуць у Літве, удзельнічаюць у розных апазыцыйных мерапрыемствах. Гэта адкрывае перад беларускімі спэцслужбамі магчымасьці для пашырэньня сваёй дзейнасьці і выкарыстаньня ляяльных да рэжыму асобаў супраць інтарэсаў Літвы», — гаворыцца ў заяве дэпартамэнту.
ДДБ таксама паведаміў, што ў 2023 годзе яго супрацоўнікі вывучылі дадзеныя 121 тысячы 577 іншаземцаў, адносна 1415 чалавек было зроблена заключэньне, што яны становяць пагрозу бясьпецы Літвы. Прыкладна 80% зь іх — беларусы, большасьць зьвязаная з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянта, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у Беларусі і пераехаў у Літву, пасьля выкрыцьця пазбавілі ДНЖПаводле ДДБ, 60 адсоткаў з тых беларусаў, чыё знаходжаньне ў Літве палічылі небясьпечным, працавалі ў сыстэме ўнутраных спраў або дзяржаўных установах. Яшчэ 30% беларусаў, каму забаранілі ўезд у Літву, служылі ва ўзброеных сілах. Да 10% — працавалі ў вайсковай прамысловасьці ці на іншых стратэгічных аб’ектах. У сваіх рашэньнях дэпартамэнт абапіраўся на дадзеныя выведкі ды іншую інфармацыю.
Днямі стала вядома, што былы маёр беларускай міліцыі Аляксандар Маціевіч, які браў удзел у здушэньні пратэстаў у 2020 годзе, зьехаў у Літву, працуе ўсталёўшчыкам вокнаў у Літве і рэгулярна езьдзіць у Беларусь.
Маціевіч прыехаў у Літву каля паўтара года таму, атрымаў дазволы на жыхарства і на працу. Паводле дадзеных аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў BelPol, падчас пратэстаў 2020 году Маціевіч працаваў старшым інспэктарам Лідзкага РАУС. Ён праходзіў «пацярпелым» па крымінальнай справе, зьвязанай з пратэстамі.
- Першага лютага Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў аб пазбаўленьні грамадзяніна Беларусі Аляксандра Маціевіча часовага дазволу на жыхарства ў Літве, бо ён «не адпавядае ўмовам у дачыненьні да тых, каму выдаюць такі дакумэнт».