Летась у Беларусі зарэгістравалі больш за 85 тысяч злачынстваў, зь якіх амаль 12 тысяч — махлярства, паведамілі прадстаўнікі сілавых ведамстваў на прэс-канфэрэнцыі.
Сярод іншага сілавікі расказалі пра затрыманьне 48 чалавек, якія працавалі ў менскіх кол-цэнтрах і прапаноўвалі гандляваць на сыравінных рынках, рынку форэкс і крыптавалютай.
Супраць іх завялі крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве ў асабліва буйным памеры (частка 4 артыкула 209 КК).
Прадстаўнік СК расказаў, што ў інтэрнэце грамадзяне запаўнялі анкеты, пасьля чаго зь імі зьвязваліся ўдзельнікі групы. Пацярпелых пераконвалі перавесьці грошы. На «фіктыўна створаных» інтэрнэт-пляцоўках стваралася бачнасьць пасьпяховага гандлю і «імітацыя росту прыбытку». Вывесьці даход ні ў кога не атрымлівалася.
Пасьля гэтага з пацярпелымі працягвалі мець зносіны тыя ж ашуканцы, але пад выглядам юрыстаў, банкаўскіх супрацоўнікаў і дэтэктываў, якія «шукалі нядобрасумленных брокераў» і «дапамагалі вярнуць пералічаныя грошы».
Ва ўдзельнікаў канфіскавалі кампутары, $200 тысяч і 12 аўтамабіляў. Адзін зь лідэраў групы знаходзіўся ў Расеі. Першапачаткова шкода ад такой дзейнасьці ацэньваецца ў 500 тысяч рублёў.
Паводле папярэдніх падлікаў, у месяц міжнародная арганізаваная злачынная група зарабляла на махлярстве ад 1 да 1,5 млн рублёў,заявіў начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка. Паводле яго, сума выкрадзенага ў аднаго пацярпелага вагаецца ў раёне 1 тысячы рублёў, але даходзіла і да 100 тысяч. Шараговыя ўдзельнікі групоўкі ў месяц зараблялі ад 1 да 1,5 тысяч даляраў, прадстаўнікі «наступнага ўзроўню» – да 10–15 тысяч даляраў, сьцьвярджае Ананенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Экс-уладальнік «Мотавела», бізнэсовец Аляксандар Мураўёў выйшаў на волю і пакінуў краіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы віцэ-прэзыдэнт НАК пра відэа, на якім абмяркоўваецца хабар для яго: «Гэтым займаецца Сьледчы камітэт»