Аўтары альбома-даведніка «Кніга могілак. Беларускія пахаваньні ў сьвеце» — Натальля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, піша Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат», якая дапамагла з выданьнем.
Матэрыялы для выданьня, якое стала 49-й кнігай у сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», аўтары зьбіралі ад пачатку 1990-х гадоў з дапамогай дзясяткаў зацікаўленых асоб. Зьвесткі зьбіраліся ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
«Кніга могілак. Беларускія пахаваньні ў сьвеце» ахоплівае пахаваньні ў 13 краінах плянэты, у тым ліку падрабязна апісвае адмысловыя беларускія могілкі або беларускія часткі шматнацыянальных могільнікаў у Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, ЗША, а таксама паасобныя надмагільлі беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў Бэльгіі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Канадзе, Нямеччыне, Францыі, Чэхіі, Чылі, Швэцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды пайсьці на Дзяды за мяжой. Пахаваньні вядомых беларусаў у Літве, Польшчы, Латвіі, Украіне, ГрузііАўтары намагаліся прадставіць ня толькі самі надмагільныя помнікі, але і асоб, якія пад імі спачылі, каб захаваць памяць пра сотні суродзічаў, якія назаўсёды засталіся на чужыне. «Кніга могілак» — першае такога кшталту і аб’ёму беларускае выданьне.
На сайце «Камунікат» можна заказаць папяровы асобнік кнігі. Яе цана — 140 польскіх злотых, што цяпер складае каля 35 амэрыканскіх даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз грантаў і офісу на Мангэтане. Як беларусы замежжа папулярызавалі сваю культуру за паўвека да YouTube і TikTokЛявон Юрэвіч — літаратуразнавец і бібліёграф, сябра ўправы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ), у 80-х гг. актыўны ўдзельнік моладзевай суполкі «Майстроўня» ў Менску. Аўтар шэрагу дасьледаваньняў у гісторыі беларускай эміграцыі, укладальнік кнігі пра былога дырэктара беларускай службы Радыё Свабода «Масей Сяднёў: Pro et Contra», аўтар кніг «Жыцьцё пад агнём: Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі», «Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюзу беларускай моладзі», «Літаратурны рух на эміграцыі» і іншых.
Натальля Гардзіенка — гісторык, кандыдат навук, дасьледніца гісторыі беларускай дыяспары, былая намесьніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва, галоўная рэдактарка альманаху «Запісы БІНіМ» (Нью-Ёрк) — адзінага беларускага выданьня, прысьвечанага эміграцыі. У суаўтарстве зь Юрэвічам стварыла кнігу «Рада БНР: Падзеі. Дакумэнты. Асобы», а таксама «Хронікі БІНіМу», якія выйшлі пасьля грунтоўнага дасьледаваньня архіваў Вітаўта Тумаша (узначальваў інстытут у 1955–1982 гадах) і Вітаўта Кіпеля (кіраўнік Інстытуту ў 1982-2022). Аўтарка кніг «Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары», «Беларусы ў Вялікай Брытаніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальля Гардзіенка: «Тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі і ў архівах, і ў гістарычнай навуцы, выглядае сапраўднай катастрофай» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла кніга пра жыцьцё і творчасьць айца Льва Гарошкі