Аварыя адбылася 31 студзеня.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Менскводаканал» уначы зноў запусьціла ваду ў дамы, якія пацярпелі ад аварыі. Водазабесьпячэньне аднавілі ў 1:55 ночы.
Увечары праз пашкоджаньне трубы пры будоўлі мэтро без вады засталіся жыхары кварталу ў межах сталічных вуліц Багдановіча, Кульман, Куйбышава і Сурганава. Трубаправод халоднага водазабесьпячэньня пашкодзілі падчас будаўніча-мантажных работ.
У гэтым раёне цяпер будуюць участак мэтрапалітэну. Улады арганізавалі падвоз вады ў раён.
Гэта толькі адна з аварый, якія адбыліся ў Беларусі апошнімі днямі.
- У ноч з 30 на 31 студзеня ў Менску засталіся без гарачай вады і ацяпленьня 18 жылых шматпавярховікаў, дзіцячы садок і дом інвалідаў у Партызанскім раёне. Прычына — пашкоджаньне трубаправоду.
- 30 студзеня без вады і ацяпленьня заставаліся жыхары Мазыра і Азарычаў. У Мазыры прарвала трубаправод, а пасёлак Азарычы застаўся без ацяпленьня з прычыны аварыі на цеплатрасе кацельні.
- У ноч з 25 на 26 студзеня без гарачай вады і ацяпленьня засталіся жыхары 18 шматпавярховых дамоў у сталічным мікрараёне Ўручча. Прычына — пашкоджаньне трубаправоду.
- У Віцебску 26 студзеня здарылася чарговая аварыя на цеплавой сетцы. Без гарачай вады і цяпла засталіся 8 дамоў на праспэкце Перамогі. Больш маштабная аварыя на магістральнай цеплатрасе адбылася ў Віцебску ў сярэдзіне студзеня.
- 23 студзеня двойчы за дзень адбылася аварыя на трубаправодзе ў Клімавічах. Без вады заставаліся больш за 50 шматпавярховых і 1,5 тысячы прыватных дамоў.