Іран увёў «бязьвіз» для грамадзян Беларусі

Вежа Азадзі — галоўны сымбаль сталіцы Ірану — Тэгерана, разьмешчаны ў заходняй частцы гораду

З 4 лютага грамадзяне Беларусі і яшчэ 27 краінаў змогуць наведваць Іран бязь візаў, паведаміў дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву IRNA намесьнік міністра замежных спраў гэтай краіны Рэза Бігдэлі.

Дасюль турыстычная віза ў Іран каштавала для беларусаў 15 эўра.

Прамых рэйсаў зь Беларусі ў Іран пакуль няма. 23 студзеня амбасадар Ірану ў Беларусі сустракаўся ў Менску зь міністрам транспарту і камунікацый Беларусі: падчас сустрэчы абмяркоўвалі арганізацыю прамых авіязносінаў паміж Тэгеранам і Менскам.

Агулам на сёньня грамадзяне Беларусі могуць наведваць без уязных візаў 43 краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі новы рэйтынг пашпартоў. Беларускі стабільна найслабейшы сярод суседзяў

Акрамя Беларусі, з 4 лютага Іран бязь візаў змогуць наведаць турысты з Бахрэйну, Босьніі і Герцагавіны, Бразыліі, Брунэю, Віетнаму, Індыі (пры падарожжы самалётам), Інданэзіі, Зымбабвэ, Камбоджы, Катара, Кубы, Кувэйту, Кіргізстану, Маўрыкію, Маўрытаніі, Мэксыкі, ААЭ, Пэру, Саудаўскай Арабіі, Сэйшэльскіх Астравоў, Сэрбіі, Сынгапуру, Танзаніі, Тунісу, Узбэкістану, Харватыі і Японіі.

Згодна з інфармацыяй на сайце МЗС Беларусі, грамадзяне Ірану могуць знаходзіцца ў Беларусі бязь візаў да 30 дзён, але з пэўнымі ўмовамі:

  • прыбыцьцё ў Беларусь самалётам (пры гэтым прыбыцьцё і выбыцьцё не павінна ажыцьцяўляцца рэйсамі з/у Расею),
  • наяўнасьць дзейнай шматразовай візы дзяржавы ЭЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уезьдзе на іх тэрыторыю,
  • зваротны авіябілет з пацьвярджэньнем вылету з Нацыянальнага аэрапорту Менск або аэрапортаў Берасьця, Віцебску, Гомля, Горадні, Магілёва на працягу 30 дзён з даты ўезду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы могуць падарожнічаць у гэтую краіну бязь візы. Для гэтага трэба пераадолець 10 тысяч кілямэтраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Фіджы і Гаянай: на якім месцы апынулася Беларусь у рэйтынгу пашпартоў сьвету на канец 2023 году