25 студзеня 2024 году скончылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій (УВК).
Агулам было ўтворана 5411 УВК (на 374 менш, чым на мінулых парлямэнцкіх выбарах, і на 459 менш, чым на мінулых мясцовых выбарах). У іх склад увайшлі 57 233 чалавекі. Праваабаронцы мяркуюць, што скарачэньне колькасьці камісій ды іх складу разам з падвышэньнем нагрузкі (адзіны дзень галасаваньня для парлямэнцкіх і мясцовых выбараў) можа сьведчыць аб упэўненасьці ў адміністрацыйнай кантраляванасьці ўсіх працэсаў, а таксама ў нізкай палітычнай актыўнасьці выбаршчыкаў і нізкай яўцы (на фоне адтоку насельніцтва), і аб жаданьні ўладаў уключыць у камісіі выключна ляяльных людзей, адзначаюць праваабаронцы.
Яны мяркуюць, што ўтварэньне ўчастковых камісій (як і іншыя этапы выбараў — 2024) праходзіць безь незалежнага назіраньня, таму працэдурныя аспэкты іх фармаваньня застаюцца без грамадзкага кантролю.
Напрыклад, няма інфармацыі пра спробы азнаёміцца з матэрыяламі вылучэньня ў склад камісій (пратаколамі сходаў структур палітычных партый, грамадзкіх абʼяднаньняў, працоўных калектываў, заявамі грамадзян); няма інфармацыі пра тое, як адбываўся працэс абмеркаваньня і галасаваньня па прэтэндэнтах у склад УВК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бондарава, Раманаў, Гігін. Хто з прарасейскіх кандыдатаў удзельнічае ў выбарахРэзка абмежаванае кола субʼектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад УВК (у выніку рэпрэсій катастрафічна скарацілася колькасьць грамадзкіх абʼяднаньняў; пасьля перарэгістрацыі з 16 палітычных партый засталіся толькі 4, усе праўладныя).
Прадстаўнікі 4 палітычных партый занялі 4763 (8,3%) месцаў у камісіях. Прадстаўнікі найбуйнейшых праўладных грамадзкіх абʼяднаньняў, якія маюць з 2023 году заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасьці да дзяржавы, занялі 27 880 (48,7%) месцаў.
Гэтак жа як і ў выпадку з тэрытарыяльнымі і акруговымі камісіямі, праваабаронцы зафіксавалі гендэрную дыспрапорцыю: доля жанчын (74,7%) у складзе ўчастковых камісій значна перавышае долю мужчын (25,3%).
Праваабаронцы робяць выснову, што практычна поўная адсутнасьць інфармацыі пра этап фармаваньня ўчастковых камісій, правы і магчымасьці, зьвязаныя зь ім, адрасаванай шырокаму колу выбаршчыкаў, паказвае «поўную незацікаўленасьць уладаў у рэальным удзеле грамадзян у выбарчых працэсах і пацьвердзіла курс на абсалютны кантроль уладаў над усімі этапамі будучых выбараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачынаецца агітацыя да адзінага дня галасаваньня, умовы для яе сталі горшымі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія ж людзі стваралі ДНР і ЛНР». Кандыдаты і апірышчы «русского мира» ў БеларусіШто трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.