Паводлк ЦВК, у Беларусі з 31 студзеня па 24 лютага будзе праходзіць перадвыбарная агітацыя да адзінага дня галасаваньня.
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначала, што калі на парлямэнцкіх выбарах у 2018 годзе перадвыбарную агітацыю ў Менску маглі праводзіць у «любых прыдатных для гэтага месцах», зь невялікімі выключэньнямі, то цяпер гэта строга вызначаны сьпіс.
Менскі гарвыканкам 18 студзеня 2024 году вызначыў у Менску 140 памяшканьняў для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбарнікамі, іх давераных асоб, а таксама для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбарнікамі, паведамляла БелТА.
Акрамя таго, прадугледжана 80 месцаў для правядзеньня кандыдатамі ў дэпутаты, іх даверанымі асобамі масавых сходаў для перадвыбарнай агітацыі (сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў, пікетаваньня). Выбарчыя масавыя мерапрыемствы адбываюцца ў паведамляльным парадку.
Для разьмяшчэньня агітацыйных друкаваных матэрыялаў прызначана 279 месцаў, дзе зьявяцца стэнды з інфармацыяй пра кандыдатаў.
22 студзеня начальніца Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Менскага гарвыканкама Вольга Чамаданава расказвала, што ў інфармацыйнай частцы выбарчай кампаніі ў тым ліку возьмуць удзел артысты. З 31 студзеня па 24 лютага заплянаваны 54 такія творчыя сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыстка ацаніла адмову ўладаў Беларусі ад арганізацыі галасаваньня за мяжой- 25 лютага ўпершыню ў краіне пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае паседжаньне «ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе.
- Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі цэнтарвыбаркамаў краін СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ. А Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.