Хроніка перасьледу 31 студзеня: на шклозаводзе «Нёман» затрымалі пяць чалавек; вырак у Віцебску за «абразу» сілавікоў

Затрыманьне ў Горадні. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрыманьні ў Лідзкім раёне

На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы Лідзкага раёну адбыўся чарговы рэйд сілавікоў, паведамляе @Grodno_grab. За «распаўсюджаньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» затрымалі пяць чалавек.

У жніўні на шклозаводзе затрымалі ня менш за 9 чалавек, у лістападзе — каля 10, у сьнежні — 8.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 студзеня: 1,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту; затрыманьні на шклозаводзе «Нёман»

Жыхар Віцебску у Нямеччыне «абразіў» трох сілавікоў. Ён вярнуўся ў Беларусь і атрымаў 1,5 года калёніі

Завяршальнае паседжаньне ў дачыненьні да Дзьмітрыя Палякова прайшло 29 студзеня. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады — начальнікаў падразьдзяленьняў міліцыі — у тэлеграм-чаце 28 жніўня, 7 верасьня і 27 верасьня 2021 года, калі ён знаходзіўся ў Нямеччыне. Пазьней і сам чат прызналі экстрэмісцкім, паведамляе тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

Дзьмітрыя ўжо адміністрацыйна перасьледавалі ў кастрычніку 2023 году — тады яго судзілі за пікет у сацсетках.

У выніку судзьдзя Міхаіл Юрчанка асудзіў Палякова на 1,5 года калёніі і аштрафаваў на 4000 рублёў, а таксама прысудзіў выплату кампэнсацыі маральнай шкоды на карысьць траіх пацярпелых на 5500 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 студзеня: арышт за «экстрэмісцкую» песьню ў сацсетках; рэйды сілавікоў па кватэрах у Менску