Канада абвясьціла аб павелічэньні свайго вайсковага кантынгенту ў Латвіі да канца 2026 году.
Пра гэта стала вядома ў часе візыту кіраўніцы парлямэнту Латвіі Дайгі Міерыні ў Канаду. Прадугледжваецца, што асабовы склад канадзкай брыгады павялічыцца з 800 да 2000 вайскоўцаў.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце парлямэнту Латвіі, латвійскі ўрад прадоўжыць інвэставаць у вайсковую інфраструктуру, каб стварыць для канадзкіх вайскоўцаў магчымасьці паўнавартаснай службы і правядзеньня вайсковых вучэньняў.
Цяпер вайскоўцы Канады залучаныя ў падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Латвіі.
Сьпікерка Сэйму Латвіі Дайга Міерыня назвала гэтае рашэньне Канады «яркім прыкладам адзінства і салідарнасьці хаўрусьнікаў па NATO і важнай інвэстыцыяй ня толькі ў бясьпеку Балтыі, але і ўсёй Эўропы, бо дае Расеі выразны сыгнал: NATO будзе абараняць кожны сантымэтар сваёй тэрыторыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына пачне перамяшчаць сваю вайсковую брыгаду ў Літву са студзеня 2024 годуРаней стала вядома аб павелічэньні кантынгенту NATO ў Літве — туды мае прыбыць нямецкая брыгада. Раней міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс заяўляў пра гатоўнасьць разьмясьціць на тэрыторыі Літвы дадаткова 4 тысячы вайскоўцаў на сталай аснове. Цяпер у Літве стала знаходзяцца 800 нямецкіх вайскоўцаў, яшчэ 650 перакінулі туды часова пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.