Першага сакавіка ў сталіцы ЗША Вашынгтоне, у National Press Club, адбудзецца І Беларускі бізнэс-форум. Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой зьбірае прадстаўнікоў бізнэсу, топ-мэнэджараў, палітыкаў, фінансістаў і актыўных дзеячаў беларускай дыяспары, каб разам агучыць запыты і патрэбы беларускага прадпрымальніцтва ў ЗША, абмеркаваць пытаньні фармаваньня беларускай бізнэс-супольнасьці за мяжой.
Арганізатары чакаюць удзелу ня толькі беларусаў ЗША, але і бізнэсоўцаў Эўразьвязу і іншых краінаў.
Падрабязная праграма форуму (дапаўняецца).
Рэгістрацыя на І Беларускі бізнэс-форум у Вашынгтоне (колькасьць месцаў абмежаваная).
Адна з мэтаў форуму — пашырэньне геаграфіі беларускіх бізнэсаў замежжа, абмен досьведам і стварэньне спрыяльных умоў для далейшага разьвіцьця эканамічнага сэктару Беларусі будучыні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя пераможцы другога конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі»Да ўдзелу ў форуме запрашаюць прадпрымальнікаў зь беларускімі каранямі за мяжой, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама буйных прадпрымальнікаў і фундатараў.
У праграме форуму:
- бізнэс-панэлі зь міжнароднымі экспэртамі і прадстаўнікамі ўплывовых інстытуцыяў ЗША, выступы;
- натхняльныя гісторыі посьпеху бізнэсоўцаў зь беларускімі каранямі;
- стварэньне і разьвіцьцё кантактаў — «нэтворкінг».
Падчас форуму, адзначаюць яго арганізатары, малое і сярэдняе прадпрымальніцтва атрымае магчымасьць разгледзець пытаньні маштабаваньня бізнэсу, абмеркаваць варыянты крэдытаваньня і іншых крыніц фінансаваньня, а таксама знайсьці партнэраў і інвэстараў для сваіх кампаній.
Для буйных прадпрымальнікаў абяцаюць стварыць умовы, каб абмеркаваць магчымасьці ўдзелу ў тэндэрах для беларускіх кампаній за мяжой, пазнаёміцца з новымі пэрспэктывамі інвэставаньня, а таксама расказаць аб сваіх праблемах на фэдэральным узроўні ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна і санкцыі. Як два аптычныя заводы зь Ліды занялі розныя бакі ў канфлікце Ўкраіны і Расеі і чым гэта для іх абярнуласяАрганізатары паведамілі, што ў форуме возьмуць удзел больш за 20 прамоўцаў з пасьпяховым досьведам у розных галінах разьвіцьця бізнэсу, агучаць пытаньні падтрымкі беларускіх бізнэсоўцаў замежжа з боку ЗША, разбудовы і разьвіцьця беларускай бізнэс-дыяспары.
АВВА адзначае, што форумы такога ўзроўню праводзяцца ўжо на сталай аснове, што сьведчыць аб існаваньні падтрымкі для беларусаў замежжа. Удзел у форуме магчымы на падставе папярэдняй рэгістрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: Праграма Poland Business Harbour не апраўдала ўскладзеных надзей