Як піша ізраільскае выданьне Ynet, пасьля ўмяшаньня ў справу Міністэрства замежных спраў і амбасады Ізраілю ў Тайляндзе чацьвярых зь сямі музыкаў дэпартуюць у Ізраіль. Яшчэ аднаго дэпартуюць у Аўстралію. Партал мае інфармацыю аб тым, што нікога з музыкаў не экстрадуюць у Расею, хоць большасьць зь іх па прыбыцьці ў Тайлянд паказвала расейскі пашпарт.
Музыкі знаходзяцца пад вартай з 24 студзеня, калі яны нібыта без адпаведнага дазволу правялі канцэрт на Пхукеце. З інфармацыі, якая паступіла пазьней, стала вядома, што праверыць ліцэнзіі на канцэртную дзейнасьць улады Тайлянду папрасілі расейскія дыпляматы.
Аднак у сваім тэлеграм-канале гурт папрасіў не давяраць інфармацыі зь іншых крыніц, адзначыўшы, што праблема застаецца нявырашанай.
Пазьней стала вядома, што тайскія ўлады скасавалі дэпартацыю чатырох музыкаў «Бі-2» пасьля візыту людзей з расейскага консульства.
Як напісаў тэлеграм-канал гурту, пасьля візыту «высокапастаўленых дыпляматаў з расейскага кансуляту» рашэньне аб дэпартацыі ўдзельнікаў гурту ў Ізраіль улады скасавалі. Тым часам пасьля атрыманьня рашэньня музыкам купілі білеты на самалёт у Ізраіль, якія цяпер ня будуць выкарыстаныя.
Музыкі «Бі-2» адмовіліся размаўляць з расейскім консулам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гурт «Бі-2» расказаў гісторыю затрыманьня ўдзельнікаў у Тайляндзе«Бі-2» — адзін зь некалькіх расейскіх рок-гуртоў, якія адкрыта выступілі супраць вайны з Украінай. Пасьля гэтага ўлады прызналі лідэра калектыву Лёву Бі-2 (сапраўднае імя Ягор Бортнік) «іншаземным агентам», а музыкі калектыву былі вымушаныя выехаць з Расеі. Сярод чальцоў калектыву грамадзяне трох краін: Расеі, Ізраіля і Аўстраліі.
Першую ноч пасьля затрыманьня ўдзельнікі «Бі-2» правялі ў камэры паліцэйскага пастарунку. 25 студзеня адбыўся суд, вырак — штраф. Яго аплацілі на месцы. Падчас суду, як адзначае «Бі-2», гурту не далі перакладчыка, і таму музыкі ня мелі магчымасьці азнаёміцца са зьместам дакумэнтаў у справе.
Аднак ужо пасьля суду музыкаў затрымала міграцыйная паліцыя Тайлянду.
29 студзеня стала вядома, што музыкаў утрымліваюць на сьпякоце пад адкрытым небам у камэры цэнтру часовага ўтрыманьня міграцыйнай паліцыі ў Бангкоку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музыкаў гурту «Бі-2» у Бангкоку ўтрымліваюць у клетцы на сьпякоце- «Бі-2» — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску, ягоныя заснавальнікі і нязьменныя ўдзельнікі Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва) паходзяць зь Беларусі.
- З часам музыкі перабраліся ў Расею і сталі адным з самых камэрцыйна пасьпяховых гуртоў на расейскай сцэне.
- Музыкі асудзілі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне, у красавіку 2022 году, гурт «Бі-2» адмовіўся выступаць на канцэрце ў Омску на фоне банэра «Za президента». Пасьля гэтага гурт перанёс шэраг выступаў.
- У 2023 годзе ўдзельнікі гурту эмігравалі ў Ізраіль.
- У чэрвені 2023 году лідэра гурту Ягора Бортніка прызналі ў Расеі «іншаземным агентам». Як растлумачыла Міністэрства юстыцыі РФ — за тое, што музыка выступаў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і «нэгатыўна выказваўся пра расейцаў».