Падзеі 2020 году і пачатак поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022-га моцна паўплывалі на зьнешнегандлёвыя магчымасьці Беларусі. Улады сьцьвярджаюць, што «санкцыі зрабілі нас мацнейшымі», эканоміка працуе стабільна.
Незалежныя эканамісты і экспэрты ацэньваюць беларускія гаспадарчыя посьпехі больш стрымана і разважаюць аб павелічэньні залежнасьці Беларусі ад расейскага рынку. Рэальнае становішча можна было б ацаніць праз аналіз статыстыкі, але пасьля 2020 году яна публікуецца яшчэ больш абмежавана.
Свабода пагутарыла з крыніцамі пра стан рэчаў на двух беларускіх заводах, якія займаюцца вытворчасьцю оптыкі. Адно прадпрыемства падтрымала ў вайне Расею, другое — Украіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць, гандаль, бюджэт. Як улады ўтойваюць дзяржаўную статыстыкуБольш за 30 гадоў пасьпяховага бізнэсу, помнік Гедыміну
Гісторыя закрытага акцыянэрнага таварыства «Белтэкс Оптык» у Лідзе пачалася з малога прадпрыемства «Надзея», на якім у 1991 годзе зьбіралі оптыку. У 1995 годзе выпускалі тэатральныя біноклі на замову з ЗША. У 1998-м на базе зьліцьця «Надзеі» і гандлёвай аптычнай кампаніі ў амэрыканскім Тэхасе было створана прадпрыемства «Белтэкс Оптык», зь якога пазьней вырасла прадпрыемства Yukon Advanced Optics Worldwide. Частка назвы кампаніі «Белтэкс» складаецца зь «Бел» (Беларусь) і Tex (Тэхас). Стварыў прадпрыемства ў Лідзе, а затым і міжнародную кампанію Yukon Advanced Optics Worldwide з галоўным офісам у Літве беларус Аляксандар Альшэўскі. У красавіку 2023 году ён раптоўна памёр у Літве ва ўзросьце 61 году.
У 2018-м «Белтэкс Оптык» прадала прадукцыі на суму больш як 3 мільёны даляраў, на прадпрыемстве працавалі 770 чалавек. Тагачасны дырэктар казаў, што кампанія ніколі не працавала на склад, 98% прадукцыі ішло на экспарт у ЗША, Эўропу, у постсавецкія краіны, а таксама ў Японію, Аўстралію і Паўднёвую Амэрыку. Прадпрыемства працавала пасьпяхова. Мясцовыя мелі за гонар уладкавацца туды на працу.
«Заробкі былі такія ж, як у Менску. Многія стараліся атрымаць працу на „Белтэкс Оптык“, бо працаваць там было прэстыжна, быў добры сацыяльны пакет і ўмовы», — кажа Свабодзе Алена, якая доўгі час зьвязаная з прадпрыемствам.
У 2019 годзе ў Лідзе ўрачыста ўсталявалі помнік Гедыміну. Помнік быў зроблены за сродкі ЗАТ «Белтэкс Оптык». У 2020 годзе, па сьведчаньні крыніцы Свабоды, многія супрацоўнікі прыватнага прадпрыемства падтрымлівалі пратэст тым ці іншым чынам.
«Людзі ў асноўным былі на баку Віктара Бабарыкі. У турму трапіў таксама намесьнік дырэктара па прававых пытаньнях заводу Ігар Пыж’янаў. Ён быў да гэтага незалежным назіральнікам на выбарах. Вельмі граматны чалавек, юрыст, меў дзьве вышэйшыя адукацыі. Яму зладзілі правакацыю і асудзілі на тры гады», — узгадвае Алена.
Пыж’янаў ужо адбыў пакараньне і выйшаў на волю. Аднак рэпрэсіі ў дачыненьні да супрацоўнікаў прыватнай кампаніі не спыніліся. Па дадзеных праваабаронцаў, у верасьні 2023 году на заводзе адбыліся палітычныя затрыманьні (https://t.me/lida_grab_court/719).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча і краіны Балтыі прапанавалі ўключыць Беларусь у пакет санкцый ЭЗ адносна Расеі да другой гадавіны ўварваньня ва ЎкраінуАнтываенная пазыцыя і скандал у СМІ
У 2021 годзе Yukon Advanced Optics Worldwide зрабілася найбуйнейшым падаткаплатнікам Літвы зь беларускім капіталам.
У балтыйскай краіне фірма вяла дзейнасьць з 2005 году, цяпер там яе галоўны офіс. Адтуль жа кіруюць «дочкамі» ў Вялікай Брытаніі, Латвіі, Украіне і Кітаі. Уладзімер Альшэўскі, як сьцьвярджае Аляксей (крыніца Свабоды, зьвязаная з заводам. — РС), пасьля 2020 году не прыяжджаў у Ліду. Усе кантакты, загады і нарады былі праз інтэрнэт.
«Чаго яму было сюды ехаць? Гэта рызыкоўна. І пагатоў рызыкоўна было пасьля расейскай агрэсіі ў 2022 годзе. Тым больш што галоўная кампанія не падтрымлівала расейскую агрэсію», — кажа Аляксей.
Кампанія Yukon пазначыла на сваім сайце, што ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны адмяніла ўсе продажы прадукцыі на тэрыторыі Расеі, Беларусі, краін Каўказу і Цэнтральнай Азіі. Таксама фірма заявіла, што спыніла сваю прысутнасьць на тэрыторыі Расеі і ліквідуе там юрыдычную асобу (гаворка ідзе пра прадпрыемства «Mezon —A», Ltd, якое было ў Смаленску. — РС). У 2022–2023 годзе Yukon выдзеліла каля 3 мільёнаў эўра на гуманітарную падтрымку ўкраінцаў, у асноўным на ўцекачоў і недзяржаўныя арганізацыі.
У чэрвені 2023 году літоўскія СМІ апублікавалі расьсьледаваньне, якое сьведчыла, што кампанія Yukon Advanced Optics Worldwide, нягледзячы на заявы, працягнула сваю працу ў Расеі.
Агенцтва LRT сьцьвярджала, што з пачатку вайны кампанія Yukon атрымала ад сваіх расейскіх кліентаў як найменей 2,3 мільёна эўра ад продажу прадукцыі, асноўным кліентам была група CEK — аптычная група, якая прадае аптычныя прылады і атрымлівае замовы ад расейскага абарончага сэктару.
Начныя прыцэлы «Пульсар» беларускай вытворчасьці пад брэндам Yukon Advanced Optics Worldwide былі, па сьведчаньні літоўскіх СМІ, перададзеныя расейскім войскам, што ваююць ва Ўкраіне.
Па дадзеных расьсьледаваньня, з пачатку вайны расейская кампанія «Мезон-A» заплаціла беларускай «Белтэкс Оптык» 1 мільён эўра за прыборы і зробленую працу і ўзяла ў расейскай кампаніі крэдыты на 3,4 мільёны эўра ў 2022 годзе.
Yukon заяўляла ў адказ, што прыборы трапілі да расейцаў празь нелегальныя каналы, нягледзячы на забарону кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе паставілі помнік Гедзіміну. ФАТАФАКТПадвешаны стан
Крыніцы, зьвязаныя з прадпрыемствам, расказалі Свабодзе, што эканамічны стан беларускага заводу цяпер не найлепшы. Паводле Аляксея (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС), справы значна пагоршыліся пасьля сьмерці заснавальніка Yukon Advanced Optics Worldwide. Суразмоўца кажа, што цяпер уся дзейнасьць заводу практычна перанесеная ў Літву.
«Прадпрыемства ў Лідзе ў падвешаным стане. Большасьць супрацоўнікаў у вымушаным прастоі. Працуюць часам чатыры дні на тыдзень. Частцы работнікаў прапанавалі ехаць працаваць у Літву. Але ня ўсе могуць паехаць, і ня ўсіх, хто хацеў бы, там бяруць», — тлумачыць Аляксей.
Ён дадаў, што некаторыя супрацоўнікі ня хочуць пераяжджаць з асабістых прычын.
Беларускія ўлады ўнесьлі кампанію ў сьпіс прадпрыемстваў з замежным капіталам, якія нельга прадаць ці падзяліць.
«То бок прадаць некаму кампанію — нельга, забаранілі беларускія ўлады. Ствараць і прадаваць прадукцыю — нельга, забаранілі літоўцы. І кампанія „захрасла“ недзе паміж Беларусьсю і Літвой. Я добрай будучыні для заводу ня бачу», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні дылер МТЗ ва Ўкраіне прадаў беларускія трактары ў Грузію, а цяпер ня можа атрымаць за іх грошыІншая «Оптыка» ў Лідзе
У Лідзе, непадалёк ад «Белтэкс Оптык», ёсьць яшчэ адно прадпрыемства па вытворчасьці оптыкі. Гэта адкрытае акцыянэрнае таварыства «Завод Оптык». На сайце заводу пазначана, што працуе там каля 500 чалавек. «Завод Оптык» выпускае ў тым ліку лінзы для бінокляў і тэлескопаў.
«Вось завод „Оптык“ акурат і супрацоўнічае цяпер з расейскай „ваеншчынай“, пастаўляе ім сваю прадукцыю. Завод даўно ляжыць на лапатках. Цяпер яны пачалі завабліваць супрацоўнікаў зь „Белтэкс Оптык“, у першую чаргу там добрыя канструктары, інжынэры. Але заробкі непараўнальныя, як і ўмовы працы. На „Оптык“ заробкі невялікія, умовы — так сабе, старыя савецкія цэхі», — пракамэнтавала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй.
Паводле суразмоўцы, завод «Оптык» даўно меў праблемы, і супрацоўніцтва з расейскімі вайскоўцамі ня надта палепшыла ягоны стан, але дае прадпрыемству замовы, што дазваляе мець прыбытак.
«Оптык», як паведамляецца на сайце прадпрыемства, — «вядучы беларускі вытворца аптычнай прадукцыі і кампанэнтаў з 1970 году, вядучы вытворца оптыка-электронных і оптыка-мэханічных прыбораў спэцыяльнага прызначэньня». Раней прадпрыемства экспартавала прадукцыю ў Расею, Эўразьвяз і ЗША.
Цяпер тавары заводу ня могуць трапіць на Захад праз санкцыі, пад якія трапіў «орган кіраваньня» — Менскі мэханічны завод імя Вавілава.
Крыніца Свабоды мяркуе, што замовы з Расеі ня ў стане значна палепшыць эканамічную сытуацыю на дзяржаўным прадпрыемстве.
Пра тое, што завод «Оптык» пастаўляе прадукцыю, якая можа выкарыстоўвацца расейцамі на вайне ва Ўкраіне, піша і лідзкі тэлеграм-канал.
Яго аўтары сьцьвярджаюць, што замовы прыходзяць з Расеі, і прадукцыя беларускага заводу выкарыстоўваецца для камплектацыі танкаў, ракетаў, пэрыскопаў і іншага вайсковага абсталяваньня. Тэлеграм-канал заяўляе, што на заводзе з новага 2023 году паднялі заробкі «ў два разы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад мае толькі адзін сродак уплыву на рэжым Лукашэнкі — санкцыі», — палітычны аналітык Кацярына ГлодПрыносіць істотную шкоду нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны
Лідзкі завод «Оптык» з 1 ліпеня 2023 году знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі. Адпаведны ўказ падпісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
На сайце Нацыянальнага антыкарупцыйнага агенцтва Ўкраіны тлумачаць, што беларускі завод «Оптык» прыносіць «істотную шкоду нацыянальнай бясьпецы, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны шляхам вытворчасьці элемэнтаў аптычнага абсталяваньня і пастаўкі іншым прадпрыемствам холдынгу „БелОМО“».
«Прадукцыя можа быць выкарыстаная ў баявых дзеяньнях супраць Украіны. Дзейнасьць прадпрыемства стварае рэальныя пагрозы нацыянальнай бясьпецы, сувэрэнітэту Ўкраіны, садзейнічае тэрарыстычнай дзейнасьці», — пішуць у Нацыянальным антыкарупцыйным агенцтве.
На сайце заводу «Оптык» можна знайсьці два матэрыялы, прысьвечаныя вайне ва Ўкраіне. Адзін зь іх — «зьняпраўджваньне» «фэйкаў», другі — пазыцыя невядомага аўтара, датычная вайны.
Артыкул называецца «Інфармацыя пра падзеі ва Ўкраіне і ролю Беларусі ва ўкраінска-расейскім канфлікце». Вайну ў артыкуле называюць на расейскі манер «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй».
Чытачам расказваецца пра ўкраінскія ЦІПСА — «цэнтры інфармацыйна-псыхалягічных спэцыяльных апэрацый», якія дзейнічаюць у сацыяльных сетках. Праца цэнтраў нібыта накіраваная на «дэстабілізацыю абстаноўкі ў Беларусі і Расеі».
Ва ўсіх ваенных канфліктах у сьвеце аўтар артыкула вінаваціць ЗША. Менавіта гэтая дзяржава, гаворыцца ў тэксьце, «спрыяла разьвіцьцю нацыяналістычных настрояў ва Ўкраіне, непрыязнаму стаўленьню жыхароў гэтай дзяржавы да расейцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бжэзінскі пра рызыкі для Лукашэнкі і слабасьць Пуціна