«Віленскі альбом» — гэтак завецца выстава, якая ў чацьвер 25 студзеня адкрылася ў Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні. На выставе прадстаўленыя здымкі з сэрыі «Фрагмэнты быцьця», якую беларускі фатограф Уладзімер Парфянок здымаў у канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў гарадах Беларусі, Літвы і Ўкраіны, а найчасьцей у Вільні, куды выпраўляўся зь Менску ў пошуках творчага натхненьня.
Віленская частка сэрыі здымкаў Уладзімера Парфянка цяпер і стала асобным «Віленскім альбомам».
Куратара выставы Андрэя Антонава зьвязвалі з Уладзімерам Парфянком гады творчага супрацоўніцтва і асабістае сяброўства. Антонаў назваў выставу «Віленскі альбом» мэмарыяльнай і пералічыў для наведнікаў Беларускага дому этапы творчага жыцьця Ўладзімера Парфянка: фатограф-аматар — таленавіты сябра творчай групы «Правінцыя» — прызнаны ў Беларусі і за межамі краіны аўтар пэрсанальных выстаў — рэдактар аддзелу фатаграфіі часопіса «Мастацтва» — стваральнік і куратар праектаў галерэі NOVA — пэдагог. Паводле Андрэя Антонава, творчасьць Уладзімера Парфянка «патрошку фармавала школу менскай фатаграфіі», якую ў канцы мінулага стагодзьдзя ў суседніх краінах прызналі асобнай зьявай.
«У яго атрымлівалася рабіць самому, у яго атрымлівалася натхняць і падтрымліваць іншых. Гэта вельмі важны талент — своечасова сказаць словы падтрымкі. Некаторыя рэчы я б у сваім жыцьці не зрабіў бы, каб не ягоная дапамога», — згадаў Андрэй Антонаў.
Здымкі для «Віленскага альбома» Антонаў падабраў з сэрыі «Фрагмэнты быцьця» пасьля таго, як прыйшла трагічная вестка пра сьмерць Уладзімера Парфянка ў Менску 14 студзеня. Куратар удзячны Вадзіму Шамкову за працу па аздабленьні здымкаў, а гаспадарам Беларускага дому — за магчымасьць правесьці на плошчах музэю мэмарыяльную выставу.
Гісторыя славутага здымку
Пра творчы посьпех Уладзімера Парфянка мяркуюць, што яму пашанцавала рана зразумець важнасьць спалучэньня спантаннасьці здымку і красамоўнасьці зьнятых дэталяў. Але такія ўдачы былі вынікам карпатлівай штодзённай працы чалавека, які глядзеў на сьвет праз аб’ектыў фотаапарата. Бадай што самы славуты здымак Парфянкова з сэрыі «Фрагмэнты быцьця» таксама прадстаўлены на выставе ў Беларускім доме.
Здымак шмат гадоў гуляе па інтэрнэце, ён стаў нібы візытоўкай беларускага фатамайстра. На выставу беларуса прыйшла літоўка Саўле.
Гэта яе першы муж Ёнас быў тым маладым чалавекам, які выпадкова трапіўся фатографу зь Беларусі. Саўле з усьмешкай расказвае пра падзеі, якія папярэднічалі здымку, і згадвае свайго Ёнаса. Ён працаваў тады на хлебакамбінаце грузчыкам, але па тых часах зарабляў добра. Ёнаса ўжо няма, а здымак падняў у памяці Саўле цэлы пласт успамінаў.
«Было лета 1987 году. Мы ад мамы Ёнаса, дзе нарадзілася наша дачка Гінтарэ, з вуліцы Горкага, а цяпер Дыджоі, пераяжджалі да маёй мамы, на Клайпедзкую. Той дзіцячы ложак быў нашай адзінай мэбляй. Ёнас падняў яго, узьдзеў на сябе і панёс... Празь некалькі гадоў Ёнаса ня стала, у мяне ўжо іншы муж. А наша Гінтарэ цяпер жыве ў Італіі, у Міляне. Час мінуў. І ўявіце, тры гады таму ў інтэрнэце я ўбачыла гэты здымак! Што я перажыла — гэта проста шок! Гэта цяпер я спакойна кажу, а тады сапраўды быў шок! Нібы жыцьцё вярнулася!» — расказвае Саўле.
Працяг гісторыі славутага здымку аказаўся ня менш цікавы. Саўле гэтак захапілася, што праз знаёмых знайшла тэлефон Уладзімера Парфянка ў Менску, яны пазнаёміліся, і фатограф пагадзіўся выслаць ёй здымак з аўтографам. Але ў Беларусі ўжо адбыліся падзеі 2020 году, і перадаць здымак празь мяжу не выглядала простай справай, прызнаецца жанчына.
«Была амаль дэтэктыўная гісторыя, як мы атрымалі той здымак. Спачатку забаяліся, каб Уладзімер пасылаў здымак поштай, бо маглі памяць ці яшчэ як пашкодзіць. Дамовіліся, што знойдзем кур’ера, але тут гэтыя падзеі вашы... А раптам прычэпяцца? Складана было знайсьці чалавека, які б не пабаяўся. Але потым знайшлі, сустрэлі яго ў аэрапорце — усё атрымалася. Цяпер гэты здымак — наша сямейная рэліквія», — задаволена кажа Саўле.
Майстар канцэптуалізму
Знаўцы вызначаюць творчы жанр фотамастака Ўладзімера Парфянка як канцэптуалізм і адзначаюць асаблівасьці ягонага почырку: тонкае пачуцьцё кампазыцыі, сьвятла і ценю, абгрунтаваны адбор здымкаў, выкарыстаньне вялікай вытрымкі. А яшчэ ён захаваў адданасьць традыцыйнаму мэтаду здымкі на срэбную фатастужку.
Стылем Уладзімера Парфянка захапляецца Ліля, маладая беларуска, якая мусіла зьехаць з радзімы з палітычных прычын. Ліля спрабуе сябе як фатограф, працы майстра дзяўчына вывучала праз інтэрнэт, а цяпер прыйшла на выставу.
«Моцна зачапіла, як ён працаваў з прасторай і чалавекам у прасторы, бо ў яго кожны раз атрымліваецца асабістая гісторыя. Вось хлопчык стаіць на фоне вялікіх бэтонных рэчаў, што адначасова падкрэсьлівае ягоную пяшчоту і бездапаможнасьць. Яшчэ захапляе тое, як ён працаваў на фатастужку. Цяпер у чалавека можа быць мільярд спробаў зьняць нейкую рэч, а тады была адна, а гэта значыць — іншая сьвядомасьць. Парфянок і тут сярод найлепшых», — лічыць беларуска Ліля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Парфянок: Я вярнуся да Срэбнай Фатаграфіі«Быў выціснуты на ўскраек мастацкага жыцьця»
Прадмову да выставы фотаработ Уладзімера Парфянка «Віленскі альбом» напісаў яе куратар Андрэй Антонаў. У тэксьце ёсьць словы пра тое, што ў апошнія гады славуты майстар перажываў складаны пэрыяд.
«Быў выціснуты на самы ўскраек мастацкага жыцьця Менску», — гэтак апісаў сытуацыю куратар выставы. Пасьля прэзэнтацыі Андрэй Антонаў расказаў пра сваю апошнюю тэлефонную размову зь сябрам.
«Апошняе месца ягонай працы — музэй Заіра Азгура, але адтуль яго ў выніку звольнілі. І ўсё. Казаў, што трапіў у чорныя сьпісы. Ня ведаю за што, але, відаць, знайшлі. На працу ня бралі, выстаў не прапаноўвалі. Ведаеце, як гэта складана — нібы ўсё спынілася. Хаця ў яго было шмат матэрыялу, былі пляны заняцца фотаархівам, зьбіраўся сюды ў Вільню», — прыгадаў Андрэй Антонаў і дадаў, што ў канцы размовы пачуў ад сябра пра праблемы са здароўем. «Сказаў, што пачуваецца ня вельмі. І — вось...»
Мэмарыяльная выстава фотамастака Ўладзімера Парфянка «Віленскі альбом» працягнецца па 28 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр фатограф Уладзімер Парфянок