Працоўная група ААН прызнала парушэньні правоў палітзьняволенага адваката Віталя Брагінца

Віталь Брагінец

Скаргу падрыхтавалі юрысты праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill і Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека.

Працоўная група ААН па адвольных затрыманьнях (ПГАЗ) разгледзела справу Віталя Брагінца і прыйшла да высновы, што Беларусь парушыла правы палітзьняволенага адваката.

ПГАЗ прызнала, што пазбаўленьне волі Віталя грунтуецца на дыскрымінацыі па палітычных поглядах і яго статусе «адваката апазыцыі», бо ён абараняў кліентаў на палітычна матываваных судах. Адвольным затрыманьне адваката робіць і тое, што ён зазнаў перасьлед за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказваньня і свабоду мірных сходаў. Акрамя таго, груба парушана права Віталя на справядлівы судовы разбор.

Працоўная група пагадзілася з довадамі, што ў Беларусі адсутнічае незалежная судовая сыстэма, і адзначыла, што беларускія судзьдзі праводзяць «абвінаваўчы» працэс, парушаючы прэзумпцыю невінаватасьці, закрываюць працэсы для грамадзкасьці; у абвінавачаных частыя праблемы з доступам да адвакатаў, а тыя абаронцы, хто працуе з такімі справамі, часта знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі адвакатку, якая абараняла журналістаў Паўла Мажэйку і Дзяніса Івашына

ПГАЗ таксама прызнала, што два пасьлядоўныя адміністрацыйныя арышты Віталя насамрэч былі часткай крымінальнага перасьледу і былі выкарыстаныя, каб атрымаць доступ да падазраванага і пры гэтым не забясьпечваць яму неабходных працэсуальных правоў. Падчас затрыманьня Віталю не паведамілі абвінавачаньні, выстаўленыя супраць яго, што таксама стала парушэньнем. Арышт і ўтрыманьне адваката пад вартай былі адвольныя, бо першапачаткова іх санкцыянаваў пракурор, а ня суд, і за ўсе 10 месяцаў пад вартай не было разгледжана альтэрнатыўных мераў, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі.

ПГАЗ заклікала неадкладна вызваліць адваката, забясьпечыць яму права на кампэнсацыю, а таксама забясьпечыць неабходныя меры для пакараньня тых, хто вінаваты ў адвольным затрыманьні палітзьняволенага.

Інфармацыю аб справе таксама перадалі шэрагу спэцдакладчыкаў ААН, каб тыя зрабілі адпаведныя захады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронца Бяляцкага, палітзьняволены адвакат Віталь Брагінец адзначае 50-годзьдзе за кратамі

Кіраўнік Respect-Protect-Fulfill Мікіта Мацюшчанкаў адзначыў, што справа Віталя Брагінца ў ПГАЗ «выкрыла шэраг сыстэмных праблем, якія існуюць у Беларусі — перасьлед і пазбаўленьне волі людзей за іх перакананьні, выкарыстаньне адміністрацыйных арыштаў для ціску на людзей перад крымінальным перасьледам, зацягнутыя тэрміны расьсьледаваньня, закрытыя судовыя працэсы і перасьлед адвакатаў у палітычна матываваных справах».

«Беларусь працягвае ігнараваць праблемы і адмаўляецца супрацоўнічаць зь міжнароднымі органамі — напрыклад, у дадзенай справе ўрад праігнараваў запыт Працоўнай групы прадставіць адпаведную інфармацыю і тлумачэньні».

Прэзыдэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна адзначыла, што рашэньне Працоўнай групы па адвольных затрыманьнях пацьвердзіла, што ў Беларусі мае месца перасьлед адвакатаў.

«Рашэньне Працоўнай групы мае важнае значэньне для нашага калегі, Віталя Брагінца, які быў адвольна пазбаўлены волі, і для ўсёй адвакацкай супольнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбавілі ліцэнзіі — і добра. Дзякуй, што не пасадзілі». Дзейная і былая адвакаткі расказалі, у якіх умовах працуюць абаронцы ў Беларусі

6 студзеня 2023 году Віталя Брагінца асудзілі на 8 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала судзьдзя Алена Ананіч. Былога адваката нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага судзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Праваабаронцы прызналі справу Брагінца палітычна матываванай.