«19 чэрвеня 2024 году спаўняецца 100 гадоў з дня народзінаў Васіля Быкава — вялікага беларуса, які ў нацыянальным Пантэоне стаіць побач са Скарынам, Каліноўскім, Купалам, Коласам, Караткевічам, — гаворыцца ў звароце, зьмешчаным на старонцы Рады БНР у Facebook. — Быкаў узьняў беларускую літаратуру на сусьветны ўзровень і быў у першым шэрагу змаганьня за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі, за нацыянальнае Адраджэньне. Ён не баяўся казаць праўду ў твар дыктатару і апошнія гады жыцьця мусіў правесьці на чужыне».
Да гэтага часу ў Беларусі памяць Васіля Быкава належным чынам не ўшанаваная, гаворыцца ў звароце:
«У сталіцы Беларусі, нягледзячы на шматгадовыя патрабаваньні грамадзкасьці, няма ні вуліцы Васіля Быкава, ні помніка выбітнаму пісьменьніку. Спыненыя і „быкаўскія дні“ на ягонай малой радзіме, на Вушаччыне, якія штогод зьбіралі аматараў прыгожага пісьменства. Пры сапраўды беларускай уладзе юбілей пісьменьніка быў бы агульнанацыянальнай падзеяй, аднак цяперашні прамаскоўскі рэжым насаджае чужынскія сьвяты, зьвязаныя з самымі чорнымі, сталінскімі, старонкамі гісторыі, культывуе дзеячоў, якія зьнішчалі нацыянальную ідэнтычнасьць, імкнуліся перарабіць беларусаў у рабоў Масквы».
Рада БНР заявіла, што «выступае ініцыятарам шырокага адзначэньня быкаўскага юбілею і заклікае беларусаў і на Бацькаўшчыне, і ў замежжы ўшанаваць памяць нашага вялікага суайчыньніка ды прадэманстраваць нашую еднасьць у абароне нацыянальных каштоўнасьцяў. „Беларусь адродзіцца, калі не скарыцца чужой сіле“ — сказаў калісьці Быкаў. І сёньня мы маем і нагоду, і абавязак прадэманстраваць усяму сьвету „імя і сілу беларуса“, увасобленую і ў постаці вялікага пісьменьніка, і ў асобах лепшых дачок і сыноў Беларусі, якія змагаюцца за яе свабоду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Кіркевіч: «У разуменьні ўладаў Быкаў — здраднік, які пісаў пра вайну, а пасьля хадзіў на мітынгі з Пазьняком, стаў «бэчэбэшнікам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль Быкаў: «У мяне да Ўкраіны самае шчымлівае пачуцьцё...». Цытаты з раней не апублікаванага ліста ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навумчык: Лукашэнка працягвае помсьціць Быкаву і праз 19 год пасьля ягонай сьмерці