Большасьць зь фігурантаў справы — незалежныя палітычныя аналітыкі, сацыёлягі і эканамісты, якія даюць камэнтары незалежным беларускім мэдыя. У сьпісе аднак ёсьць і некалькі супрацоўнікаў Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
Агулам СК распачаў спэцвядзеньне ў дачыненьні да 20 чалавек, якіх называе «аналітыкамі Ціханоўскай»: у сьпісе Юры Дракахруст, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павел Усаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна.
Іх падазраюць у:
- «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады, учыненыя групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
- «закліках да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту» (ч. 3 арт. 361 КК);
- «змове або іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357);
- «уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці» (ч. 3 арт. 361-1);
- а таксама ў саўдзеле ў першых двух названых злачынствах (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 ст.130, а таксама ч. 3 арт. 61).
Аляксандра Дабравольскага дадаткова падазраюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, а таксама фармаваньня, дзейнасьць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму, або кіраўніцтва такім фармаваньнем або яго структурным падраьздзяленьнем» (ч. 1 арт. 361-1 КК).
Дата пачатку спэцыяльнага вядзеньня — 24 студзеня 2024 году, паведамляе СК. Абвінавачаным прапануюць добраахвотна зьявіцца ў СК (Менск, вул. Першамайская, 7).
СК сьцьвярджае, што ўсе яны «бралі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі ўзбуджэньню сацыяльнай варожасьці і звады ў грамадзтве».
У дачыненьні да Дабравольскага гэта ўжо другое спэцыяльнае вядзеньне: першую завочную справу супраць яго распачалі 28 сьнежня 2023 году: тады яго разам з Аленай Жываглод, Паўлам Ліберам і Паўлам Марынічам абвінавацілі ў «перашкаджаньні выбарам» (ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэксу).
Дабравольскі: «Супраць Лукашэнкі — гэта на справе за Беларусь»
Аляксандар Дабравольскі пракамэнтаваў новую справу ў інтэрвію Свабодзе:
«Я дзіўлюся таму, што яны кажуць, што хтосьці ўдзельнічаў у нейкіх сэмінарах і гэта нібыта супраць Беларусі. Калі абмяркоўвалася, што Лукашэнка ўзурпатар, то гэта было ня супраць Беларусі, а за Беларусь. Супраць Лукашэнкі — гэта на справе за Беларусь. Яны хочуць так падаць, што гэта было нібыта супраць нацыянальных інтарэсаў; не, гэта ягоныя прыватныя інтарэсы, а не нацыянальныя. Таму гэта, з аднаго боку, сьмешна, а з другога — трагічна, тое, як працуюць беларускія спэцслужбы.
Для мяне тут выбар палягае ў тым, што трэба заставацца чалавекам і рабіць адпаведныя ўчынкі. Іншым я б параіў дбаць пра сваю бясьпеку і бясьпеку сваіх родных, бо ўлада ў прыватных інтарэсах Лукашэнкі выкарыстоўвае мэханізмы дзяржавы супраць грамадзян».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лібера, Жываглод, Дабравольскага і Марыніча будуць завочна судзіць за тое, што «перашкаджалі выбарам»
Красуліна: «Нашую працу заўважаюць і прызнаюць»
Ганна Красуліна, прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай, якая таксама трапіла ў гэты сьпіс, прызнала ў інтэрвію Свабодзе, што нельга гэтых людзей назваць аналітыкамі Ціханоўскай, як піша СК, бо некаторыя зь іх яе крытыкуюць:
«У гэтым сьпісе няма нейкай асаблівай лёгікі, яны проста ўнесьлі ў гэты сьпіс як мага больш людзей, каб запалохаць людзей як мага шырэй.
Яны самі назвалі выбары — а мы ўдзельнічалі менавіта ў выбарчай кампаніі — „неканстытуцыйным шляхам“. Улічваючы, што яны спрабуюць імітаваць нейкі „адзіны дзень галасаваньня“ зноў — гэта, вядома, правал. Адна кантора з тых, што абслугоўвае рэжым, ня ведае, што робіць іншая.
Асабіста я бачу, што яны вельмі баяцца, яны перакрэсьліваюць гэтым свой наратыў, што яны нібыта перамаглі. Не, яны прайгралі. Бачна, што іх дзейнасьць скіраваная на запалохваньне людзей. Яны разумеюць, што людзі не прызнаюць іх улады. І ў гэтым сэнсе чым больш рэзкія рухі яны робяць, тым больш гэта паказвае іхны страх, тым бліжэй мы да перамогі, скажам так.
Таму я ўспрымаю гэта як пазытыўную ацэнку, як тое, што нашую працу заўважаюць і прызнаюць. Гэта значыць, што нам трэба працаваць яшчэ лепей», — заявіла Красуліна.
Ціханоўская: «Вінаватыя ў любові да нашай краіны»
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская таксама пракамэнтавала рашэньне СК адкрыць спэцвядзеньне ў дачыненьні да 20 экспэртаў.
«Рэжым Лукашэнкі завёў крымінальную справу супраць 20 аналітыкаў і экспэртаў, абвінавачваючы іх у дапамозе мне і нашаму офісу. Гэтыя сьмелыя людзі вінаватыя ня ў чым іншым, як у любові да нашай краіны і пошуку выйсьця з палітычнага крызісу ў Беларусі, створанага дыктатарам», — заявіла яна ў камэнтары для замежнай аўдыторыі.
Што такое «спэцвядзеньне»
Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе могуць распачаць у дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый. Спэцыяльнае вядзеньне адбываецца ў выпадку, калі замежная дзяржава адмаўляе ў выдачы абвінавачанага або калі на працягу 6 месяцаў з моманту накіраваньня Генпракуратурай адпаведнага запыту ня будзе атрымана згода замежнай дзяржавы.
Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» спраў у Беларусі ўвялі ў дачыненьні да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта такім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму). Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На аўтара Свабоды Сяргея Дубаўца завялі крымінальныя справы. Дубавец адказаў пракуратуры