Караліна Сііно нарадзілася ў Цярнопалі ў 1998 годзе. Яе бацькі — украінцы. У Японію дзяўчынка пераехала ва ўзросьце пяці гадоў, калі маці выйшла замуж другі раз — за японца.
Конкурс «Міс Японія» адбыўся ў Токіё ўжо ў 56-ы раз. Гэта найстарэйшы конкурс прыгажосьці ў краіне. Аднак пераможцай упершыню стала дзяўчына безь японскіх каранёў.
Караліна расказала, што ў дзяцінстве сутыкалася з дыскрымінацыяй і часта задавала сабе пытаньне, ці сапраўды яна належыць Японіі. Узяць удзел у конкурсе 26-гадовая мадэль вырашыла, каб даказаць самой сабе, што яна зьяўляецца японкай. Акрамя таго, дзяўчына хацела выкарыстаць пляцоўку конкурсу для папулярызацыі ў Японіі ідэі разнастайнасьці і інклюзіўнасьці, а таксама каб натхніць тых, хто адчувае сябе іншым ці маргіналізаваным.
Атрымаўшы карону, Караліна расплакалася і на бездакорнай японскай мове сказала: «З прычыны расавых бар’ераў было складана стаць прынятай. Тое, што мяне прызналі японкай на гэтым конкурсе, напаўняе мяне ўдзячнасьцю».
У японскіх сацсетках рашэньне судзейства ўспрынялі па-рознаму. Адны назвалі яго «знакам часу» і павіншавалі дзяўчыну з заслужанай перамогай, іншыя ж заявілі, што «Міс Японія» павінна мець японскія карані і выглядаць іначай.
«Зразумела, што яна прыгожая, але ж яна на сто адсоткаў украінка, а конкурс называецца „Міс Японія“! Дзе ж тут японская зьнешнасьць?», — заявіў адзін з камэнтатараў.
«Калі б яна была напалову японкай, вядома, няма праблем. Але з паходжаньня яна японка на 0% і нават не нарадзілася ў Японіі», — напісаў другі карыстальнік.
«Я думаю, што японцы нэгатыўна ўспрымуць той факт, што дзяўчыну з эўрапейскай зьнешнасьцю прызналі самай прыгожай японкай. Гэтае рашэньне пасылае няправільны сыгнал японскаму грамадзтву», — адзначыў яшчэ адзін камэнтатар.
- Беларускі таксама перамагаюць на міжнародных конкурсах прыгажосьці. Летась гамяльчанка Элеанора Качалоўская стала першай віцэ-міс конкурсу Miss Europe Continental. У 2021-м 57-гадовая Тацяна Брэдзелева стала пераможцай Міжнароднага конкурсу Ms. Top Of The World, яна была найлепшай у катэгорыі Classic, дзе спаборнічалі ўдзельніцы, старэйшыя за 46 гадоў. А ў 2017-м беларуска Аляксандра Чычыкава стала «Міс сьвету – 2017 на інвалідным вазку».