У 2023 годзе 27 грамадзян Беларусі атрымалі адмовы ў выдачы пасьведчаньня на права жыхарства ў Польшчы ў сувязі з пытаньнямі дзяржаўнай бясьпекі. Такі адказ Hrodna.life атрымаў ад прэс-сакратара Ўпраўленьня па справах замежнікаў Якуба Дудзяка.
Такую ж адмову летась атрымалі яшчэ 535 грамадзян іншых краін.
Рэдакцыя Hrodna.life даслала запыт пасьля абнародаваньня інфармацыі пра выпадак беларуса Паўла Юшкевіча, якому пасьля 20 гадоў жыцьця ў Польшчы анулявалі дазвол на жыхарства з прычыны рашэньня 10-гадовай даўнасьці: польскія спэцслужбы палічылі, што ён становіць небясьпеку для Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 дзён, каб сабраць рэчы. Грамадзяніна Беларусі могуць выслаць з Польшчы, а ён не разумее, чамуПрэс-сакратар Упраўленьня па справах замежнікаў Польшчы Якуб Дудзяк таксама патлумачыў, што ў адпаведнасьці з палажэньнямі польскага Закону аб іншаземцах (арт. 199 ч. 1) дазвол на сталае пражываньне адбіраецца ў іншаземца, калі:
- гэта неабходна зь меркаваньняў абароны дзяржаўнай бясьпекі або абароны грамадзкай бясьпекі і парадку,
- гэтага патрабуюць інтарэсы Польшчы,
- у працэсе разгляду справы аб выдачы дазволу на жыхарства чалавек:
a) падаў заяву аб выдачы дазволу, якая зьмяшчае ілжывыя асабістыя дадзеныя ці ілжывую інфармацыю, або прыклаў дакумэнты, якія зьмяшчаюць такія зьвесткі,
б) даў ілжывыя паказаньні або ўтаіў праўду, падрабіў або сфальсыфікаваў дакумэнт, каб выкарыстоўваць яго, або выкарыстоўваў яго як сапраўдны,
- быў асуджаны за наўмыснае злачынства да турэмнага зьняволеньня на тэрмін ня менш як тры гады,
- пакінуў тэрыторыю Польшчы на тэрмін больш як 6 гадоў.
Яшчэ адна суседка Беларусі Літва за год (з канца лістапада 2022 па канец лістапада 2023 году) прызнала «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» 1644 беларусаў. За гэты пэрыяд
- 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне ў Літве, 343 беларусам вырашылі яго не працягваць, 450 беларусам — анулявалі;
- двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства ў Літве, а ў васьмі выпадках яго анулявалі;
- 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.