Незалежным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі можа стаць 60-гадовы Барыс Надзеждзін, вылучэнец ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва». Па стане на 23 студзеня каманда Надзеждзіна абвесьціла, што сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі свайго кандыдата.
Надзеждзін займае антываенную пазыцыю і выступае супраць палітыкі Ўладзіміра Пуціна. Спачатку многія расейскія апазыцыйныя палітыкі ставіліся да Надзеждзіна зь недаверам, але цяпер пачынаюць заклікаць падтрымаць яго.
У многіх гарадах Расеі стаялі чэргі для таго, каб падпісацца за альтэрнатыўнага Пуціну кандыдата. Пры гэтым прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі не разглядаюць прадстаўніка «Грамадзянскай ініцыятывы» як суперніка.
Свабода паглядзела, што зьвязвае Барыса Надзеждзіна зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб расейскага палітыка Надзеждзіна заявіў, што мае 100 тысяч подпісаў для вылучэньня ў прэзыдэнты«Гэта не Нямцоў, але і не Кірыенка»
У 2000–2003 гадах Барыс Надзеждзін быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі. Там ён прадстаўляў фракцыю «Саюз правых сіл». Менавіта тады зь ім пазнаёміліся і некаторыя беларускія палітыкі.
«Натуральна, што Надзеждзін — гэта не Барыс Нямцоў, але пры гэтым і не Сяргей Кірыенка, — пачынае аповед прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька. — У пачатку 2000-х я ўзначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю і ў нас было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве з «Саюзам правых сіл».
Па словах Лябедзькі, у СПС на галоўных пазыцыях Надзеждзін ніколі ня быў.
«Але ўся іхная фракцыя была дастаткова пазытыўная. Яны выказваліся за эўрапейскі выбар Беларусі, нэгатыўнага ўспрыняцьця Надзеждзіна ў мяне не было. Я ў свой час дзякуючы Нямцову прывозіў у Думу сваякоў зьніклых палітыкаў і журналістаў — Зінаіду Ганчар, Ірыну Красоўскую, Вольгу Завадзкую. Мы арганізавалі там прэс-канфэрэнцыю, і ўсе сябры фракцыі СПС нас падтрымалі».
У Менск разам з Барысам Нямцовым і Ірынай Хакамадай Надзеждзін у тыя часы не прыяжджаў. Лябедзька кажа, што пасьля таго пэрыяду бачыў Надзеждзіна толькі ў публічнай прасторы, а асабістых кантактаў не было.
«У Расеі выбары ідуць пад кантролем, вядома, але я ня ўпэўнены, што кожны выпушчаны джын, нават самы маленькі, можа да канца кантралявацца. Я ўпэўнены, што ў Расеі вывучалі беларускі досьвед. Толькі не заўсёды нібыта кантраляваныя працэсы ідуць паводле пляну, так было і ў Беларусі ў 2020-м», — лічыць палітык.
Плянаў узнавіць супрацоўніцтва з Барысам Надзеждзіным у Лябедзькі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі стаяць чэргі, каб падпісацца за кандыдата ў прэзыдэнты Надзеждзіна. Хто гэта такі?«Трошку цынічны, але для расейскай палітыкі гэта характэрна»
Другі тагачасны прадстаўнік АГП, які цяпер працуе дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай, Аляксандар Дабравольскі, трошкі больш знаёмы з Надзежзіным, яны нават «фрэнды» ў сацыяльнай сетцы Facebook.
«Я зь ім знаёмы ня так глыбока, як калісьці быў знаёмы зь Ягорам Гайдарам. Надзеждзін нармальны, даволі гнуткі чалавек, але з прынцыпамі. Дэмакратычныя перакананьні для яго не пусты гук. Пры гэтым у палітыцы мог блукаць ад адной партыі да іншай, але захоўваць свой базіс. Надзеждзін — адкрыты чалавек, часам трошкі цынічны, але гэта ўвогуле такая прыкмета расейскай палітыкі. Добра грае на гітары», — характаразуе расейскага палітыка Дабравольскі.
Ён працягвае, што апошні раз бачыўся з Надзеждзіным дзесьці ў 2007 годзе ў Маскве, на дні нараджэньня іншага расейскага палітыка і грамадзкага дзеяча Леаніда Гозмана.
«Гэта была мая апошняя паездка ў Маскву, пасьля гэтага больш туды ня езьдзіў. Ня памятаю, каб з Надзеждзіным мы абмяркоўвалі Беларусь. Вось зь Нямцовым, Гайдарам пра Беларусь мы гаварылі. Магчыма, Надзеждзін і цікавіўся Беларусьсю, але мне пра гэта невядома».
Аляксандар Дабравольскі кажа, што парада наладзіць адносіны з расейскімі дэмакратычнымі сіламі чуецца дастаткова часта, але ўзьнікае пытаньне, навошта.
«Мы разумеем, што трэба аслабляць Пуціна, але пры гэтым канцэнтруемся на Беларусі. Пры гэтым кожны раз супрацоўніцтва з расейскімі дэмакратамі канчаецца тым, ці Беларусь незалежная дзяржава. І ня хочацца зь імі нават спрачацца. Сярод расейскіх дэмакратаў, на мой погляд, мінімум палова лічыць, што Расея мае права пакідаць Беларусь у сфэры сваіх інтарэсаў. І гэта не дае нам плённа супрацоўнічаць».
Па словах Дабравольскага, Надзеждзін можа мець нейкія дамоўленасьці з Крамлём.
«Аднак я ўпэўнены: калі сытуацыя складзецца так, што ён рэальна зможа змагацца за перамогу, то ён будзе змагацца», — адказаў дарадца Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі на выбары прэзыдэнта вылучылася журналістка, якая выступае супраць палітычных рэпрэсій і вайны ва ЎкраінеАнгельскую мову разумее лепш за беларускую
Летась Барыс Надзеждзін у сваіх сацыяльных сетках пісаў пра гісторыю сям’і, там знайшлася і беларуская старонка.
Як адзначаў палітык, адным зь ягоных продкаў па бацькавай лініі быў выхадзец зь беларускіх земляў Фёдар Баршчэўскі.
«Ягоны лёс быў дзівосным. Паходзіў з той часткі сучаснай Беларусі, якая была ў складзе Царства Польскага. Удзельнічаў у польскім вызваленчым руху, быў сасланы ў Сібір. У Сібіры захапіўся электрычнымі досьледамі, вынайшаў „Лямпу Баршчэўскага“. Царскія экспэрты палічылі вынаходку „справай нячыстай сілы“, ходу не далі. У выніку вынаходку прадалі, як бы цяпер сказалі, замежным інвэстарам. У 1901 годзе яго ўнучка Лізавета Баршчэўская выйшла замуж за Барыса Надзеждзіна, майго прадзеда», — пісаў палітык.
Па часе выходзіць, што продак Надзеждзіна мог быць удзельнікам антырасейскага паўстаньня 1830-1831 гадоў.
Барыс Надзеждзін нават пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне быў частым госьцем расейскім палітычных ток-шоў. У красавіку 2023 году ў яго адбылася спрэчка зь беларускім прапагандыстам Вадзімам Гігіным у перадачы «Место встречи» на тэлеканале НТВ.
«Я трыццаць гадоў працую з гэтым вось чалавекам, Лукашэнкам. Яшчэ з часоў, калі працаваў ва ўрадзе. Лукашэнку цікавіць толькі адно — захаваньне сваёй улады. Дзеля гэтага ён сфальсыфікаваў выбары, задушыў пратэст. Таварышы дарагія, я яму ня тое што ядзерную зброю... Ён першы, калі тут будзе крызіс ці смута ў Расеі, ён першы пабяжыць з нашай ядзернай зброяй здавацца на Захад», — казаў Надзеждзін.
Гігін на гэта адказваў, што Беларусь у 2022 годзе выступіла разам з Расеяй у вайне супраць Украіны. У выніку беларускі прапагандыст назваў расейскага палітыка хамам.
«Нас трыццаць гадоў трымаюць за дурняў. Мы сябруем — вазьміце грошы. „Аб’ядноўвацца будзем?“ — „Заходзьце пазьней“. І гэта працягваецца ўжо трыццаць гадоў», — казаў Надзеждзін у той самай перадачы ў лютым 2021 году. Пры гэтым ён адзначыў, што больш шчыра было б «акупаваць Беларусь».
У верасьні 2017 году Надзеждзін прыяжджаў у Менск. На сваёй старонцы «ВКонтакте» ён падзяліўся ўражаньнямі ад наведваньня Гістарычнага музэю. Ён адзначыў, што аб’ём экспазыцый нашмат меншы за аналягічны ў Расеі — «на ўзроўні краязнаўчага музэю Расеі».
«Забаўна, як зьмянілася сярэднявечная гісторыя Беларусі за апошнія 25 гадоў. У савецкі час гісторыя Беларусі ў цэлым ішла па лініі Карамзіна. Цяпер яна ідзе па лініі Полацкае княства — Вялікае Княства Літоўскае — Рэч Паспалітая», — пісаў Надзеждзін.
Пры гэтым ён адзначыў, што зразумець таблічкі ў музэі па-ангельску яму прасьцей, чым па-беларуску.
«Парадаваў артыкул пра Маскву», — пры гэтым расейскую сталіцу Надзеждзін напісаў праз «а».
Падчас беларускіх пратэстаў 2020 году Надзеждзін пісаў, што афіцыйныя зьвесткі ЦВК Беларусь — «100% хлусьня», а таксама «дакладна фальсыфікаваныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне будуць дэманізаваць, як Сталіна і Леніна». Лукашэнка загадзя прадказаў, як яго ацэняць нашчадкі